Пятніца, 5 снежня 2025
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

Павел Латушка — пра працу консулам у Беластоку, беларускую культуру ў рэгіёне і рэферэндум-1996

MOST MOST
4 жніўня 2022, 12:40
Гісторыі
A A
латушка

Павел Латушка на акцыі ў Беластоку ў 2022 годзе. Фота: Руслан Кулевіч / MOST

Павел Латушка — кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, экс-міністр культуры Беларусі і былы пасол Беларусі ў Польшчы, Францыі, Іспаніі і Партугаліі. З 2019 да 2020 года кіраваў Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы. З 1996 па 2000 год быў віцэ-консулам і консулам Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку. У калонцы для MOST Павел Латушка прыгадвае сваю працу ў Беластоку, дзеліцца ўражаннямі ад развіцця горада, успамінае лукашэнкаўскі рэферэндум 1996 года і будучыню беларускай культуры.

Як трапіў у Беласток: «Кампактны, самабытны еўрапейскі горад»

Свой прафесійны шлях дыпламата я пачынаў менавіта на Беласточчыне. З гэтым месцам звязана шмат успамінаў, і я з цяплом і вялікім задавальненнем падзялюся імі з чытачамі ў сваім першым артыкуле асабістай калонкі, якую буду весці па прапанове рэдакцыі партала MOST.

Я паступіў на службу ў Міністэрства замежных спраў у Беларусі ў 1995 годзе ў дагаворна-прававое ўпраўленне МЗС Рэспублікі Беларусь. На той час узровень заработнай платы дзяржслужачых быў мізэрны, і ўтрымліваць сям’ю — а ў мяне якраз нарадзілася дачка — было складана. Тады я падумаў пайсці ў прыватны сектар эканомікі і рэалізавацца як юрыст, бо атрымаў дыплом не апошняга ўніверсітэта ў нашай краіне і адвучыўся, без перабольшання, на самым лепшым юрыдычным факультэце ў Беларусі.

Але так склаўся лёс, што ў 1996 годзе адзін з кіраўнікоў майго ўпраўлення сказаў, што няправільна мне было б пакідаць працу ў МЗС, і прапанаваў паехаць працаваць у якасці віцэ-консула ў Беласток. Вядома ж, я ўспрыняў гэтую прапанову з вялікай зацікаўленасцю.

Калі думаў, куды я еду, мне ўяўляўся Беласток як маленькі горад, у якім вуліцы выбрукаваны каменнем, па прылеглых дарожках стаяць таполі — аднапавярховы такі гарадок з сельскімі хаткамі; наіўнае, юнацкае ўражанне. А калі я прыехаў у Беласток, то быў прыемна здзіўлены: кампактны, самабытны еўрапейскі горад на стыку Усходу і Захаду. Зразумела, Беласток быў яшчэ толькі ў першай фазе свайго эканамічнага ўздыму і развіцця рынкавай эканомікі пасля гістарычных перамен 1989 года.

Праца была неверагодная, таму што як юрыст па адукацыі я, малады 23-гадовы спецыяліст, атрымаў вялізныя магчымасці для самарэалізацыі. Веды ў галіне права спатрэбіліся на сто адсоткаў. І дагэтуль я перакананы, што консулам можа працаваць толькі юрыст ці спецыяліст, які звязаны менавіта з аказаннем грамадзянам дапамогі, валодае адпаведнымі прафесійнымі ведамі. Я, зразумела, пачаў удасканальваць польскую мову, каб быць максімальна эфектыўным, а пачаў вывучаць яе яшчэ студэнтам БДУ на дадатковых занятках.

Падчас сустрэчы з Паўлам Латушкам у рэдакцыі MOST. Фота: Наста Уткіна / MOST
Падчас сустрэчы з Паўлам Латушкам у рэдакцыі MOST. Фота: Наста Уткіна / MOST

Першыя ўражанні ад Беласточчыны: «Тут існавала больш за сорак сярэдніх навучальных устаноў з вывучэннем беларускай мовы»

Памятаю, першае, што ўразіла мяне найбольш, — гэта стаўленне да беларускасці. Для мяне было цалкам шакавальным адкрыццём (у станоўчым сэнсе слова), што на Беласточчыне пражывае вялізная беларуская этнічная меншасць.

Тады я як беларус, выхаваны бацькам, які прышчапляў любоў да беларускасці і нашай гісторыі, быў уражаны, што гэтае шанаванне захавалася на Беласточчыне. Тут зацікаўленасць да беларускай культуры была нашмат больш высокага ўзроўню, чым на маёй этнічнай Радзіме. Я сам сабе сказаў: не магу ўявіць сабе, што не буду размаўляць на беларускай мове, гледзячы на прыклад беларусаў, якія жывуць у Польшчы і праз стагоддзі пранеслі веды ды любоў да беларускай культуры і мовы.

Памятаю, гутарыў у той час з Антонам Мірановічам, прафесарам Беластоцкага ўніверсітэта. Менавіта ён даў мне першы ўрок для консула Беларусі: «Ніколі не называйце беларусаў, якія жывуць на Беласточчыне, дыяспарай; мы — этнічная меншасць». Дыяспара — гэта тыя, хто перасяліўся з Радзімы ў іншую дзяржаву, а этнічная меншасць нарадзілася на гэтай тэрыторыі і на працягу стагоддзяў заўсёды пражывала тут. Гэта запомніў назаўжды. Спецыяльна, дарэчы, кажу Беласточчына, а не Падляшша: ваяводства тады менавіта так звалася. Ваяводстваў было тады сорак дзевяць, а не шаснаццаць, як зараз.

Яшчэ адзін цікавы факт, які я тады засвоіў, — гэта тое, што праваслаўная царква забяспечвала захаванне беларускасці для этнічнай меншасці. Зразумела, ёсць і каталікі, але ўсё ж менавіта праваслаўе з’яўляецца асноўнай канфесіяй для этнічных беларусаў у Польшчы.

На Беласточчыне на той момант існавала больш за сорак сярэдніх навучальных устаноў з вывучэннем беларускай мовы. Да гэтага часу існуюць два выдатныя ліцэі ў Гайнаўцы і Бельску Падляскім, якія па рэйтынгах не толькі ў рэгіёне, але і ў краіне займаюць лідзіруючыя пазіцыі.

Дарэчы, Яна, мая дачка, пайшла, у дзіцячы садок нумар чатырнаццаць — адзіны на той час з вывучэннем беларускай мовы ў Беластоку. Там яна пачала вучыць беларускія песні і вершы. У садку гавораць і па-польску, але беларускую мову актыўна падтрымліваюць і дагэтуль.

Вядома, выхаванне дзіцяці — гэта вялікая праца і адказнасць. А для дыпламата гэта яшчэ большы выклік, звязаны з пераездамі і наладжваннем побыту. Дзіця становіцца часткай гэтага служэння, якое ты нясеш людзям. І тое, што мая дачка сёння працягвае сваю адданасць беларускай культуры, спяваючы ў беларускім калектыве «Прымакі», — гэта і служэнне, і працяг бацькоўскіх традыцый. Яшчэ памятаю такі забаўны момант, калі знаёмыя перавозілі цераз мяжу маю дачку, якой было ўсяго паўтара года. Ва ўсіх звычайныя пашпарты, а ў яе – дыпламатычны. І памежнік на польскай мяжы, правяраючы дакументы, гаворыць: «Ну пакажыце нам гэтага дыпламата!».

Падчас акцыі на польска-беларускай мяжы. Фота: Наста Уткіна / MOST

Праца консулам: «Трэба было доўга даказваць, што гэтыя беларусы невінаватыя»

У ваяводстве Беластока, што мяне вельмі здзівіла, амаль круглы год адбываліся святы і конкурсы, звязаныя з беларускай мовай і культурай. Практычна з мая па верасень кожную суботу і нядзелю я без перапынку наведваў беларускія фэсты і аб’ездзіў, не пабаюся гэтага слова, усю Беласточчыну, усе маленькія гарады і вёскі, дзе людзі збіраліся на святы беларускай культуры, пазнаёміўся з войтамі, бурмістрамі, старастамі.

Мяне ўразіла, што ў Беластоку можна было слухаць беларускую праграму на Радыё «Беласток» — «Пад знакам Пагоні», глядзець беларускамоўную праграму на рэгіянальным тэлебачанні. Гэта ўжо ў далейшым з’явілася «Радыё Рацыя» ды іншыя вядомыя беларускія СМІ, а на той момант выглядала гэта так. Дагэтуль выходзяць беластоцкая газета «Наша Ніва» і «Часопіс»; дзейнічаюць і многія іншыя тутэйшыя выданні, якія карыстаюцца аўтарытэтам.

Праца консулам паглынала поўнасцю. Праца консула — гэта і аказанне прававой дапамогі, і кансультацыі па пытаннях грамадзянства; працуеш у нейкай ступені таксама і ў сістэме мін’юста, і МУС — займаешся практычна ва ўсіх прававых сферах, пытаннямі і развіццём культуры, адукацыі, палітыкі, разнастайных адносін. Гэта проста ўнікальны досвед.

Безумоўна, былі цяжкія дні. Консул — гэта таксама круглыя суткі праца. Стужка факса можа скончыцца за суткі, бо прыходзіла вельмі шмат паведамленняў з паліцыі! Быў час, калі беларусы масава прыязджалі ў Польшчу і вельмі многія з іх гінулі ў аўтакатастрофах. Чаму на дарозе так шмат загінула? Слізкія вузенькія дарогі, паток ішоў вялізны, а хтосьці, бывала, яшчэ і песціўся з алкаголем. Памятаю антырэкорд, калі за год у акрузе загінула трыццаць шэсць беларусаў. Консул павінен апячатаць труну і ўвогуле правесці яе агляд; і гэта для мяне як для маладога дыпламата было цяжкім эмацыйным шокам.

Вельмі шмат выпадкаў было, калі беларусы прыязджалі ў Польшчу ці Нямеччыну і ехалі дадому, а на памежным пераходзе нечакана аказвалася, што ў іхняга аўто «перабітыя» нумары. Распачыналі крымінальную справу нібыта за садзейнічанне неўсталяванай асобе ў крадзяжы аўтамабіля, хаця, вядома, беларусы куплялі гэтыя аўтамабілі, як правіла, у добрай веры. Гэта была цэлая бітва з прававой сістэмай Польшчы, з мін’юстам, з Міністэрствам замежных спраў, каб даказаць невінаватасць людзей. Многія беларусы былі вымушаныя ісці на гады ў турмы Польшчы па гэтых справах. Колькасць арыштаваных пераўзыходзіла пяцьсот у год. Такое было жыццё.

Трэба было доўга даказваць, што гэтыя беларусы невінаватыя. Памятаю аднаго селяніна, які назапасіў тры тысячы долараў, прыехаў у Польшчу па новую машыну і быў прыгавораны да года турмы. Мне ўдалося яго адтуль вырваць, я наведваў многія судовыя пасяджэнні, ездзіў да пракурораў. Праводзілася інфармацыйная праца з беларусамі праз СМІ. Мінуў час — і значна паменшылася колькасць такіх прысудаў, беларусаў перасталі прысуджваць да рэальных тэрмінаў пазбаўлення волі за парушэнні гэтага парадку.

Святлана Ціханоўская і Павел Латушка падчас акцыі ў Беластоку. Фота: Руслан Кулевіч / MOST

Пра рэферэндум 1996 года: «Відавочная фальсіфікацыя»

Пра ўнутраную палітыку ў Беларусі памятаю, як я кожную ноч трымаў вуха ў дынаміка радыёпрыёмніка. Слухаў «Радыё Свабоду». Таіў надзею, што ўсё зменіцца, Беларусь стане на дэмакратычныя рэйкі. Узгадваецца рэферэндум 1996 года, калі Лукашэнка не атрымаў падтрымкі. Мы з консульства банальна не змаглі адправіць выніковы пратакол пасяджэння нашай участковай камісіі, бо ніводзін факс Міністэрства замежных спраў не працаваў на прыём. Вынікі былі агучаныя, у тым ліку і па галасах за мяжой, тады, калі мы нават яшчэ не паспелі даслаць гэтыя дакументы. Відавочная фальсіфікацыя, дыктатар у той час пайшоў шляхам падману і злачынстваў. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Як развіваецца Беласток: «Сёння гэта рэгіянальная сталіца»

Як успрымалі консула на Беласточчыне? Быць віцэ-консулам у тыя часы – гэта статусны выпадак, бо вітаюць цябе, хай і гэтак маладога, на важных мерапрыемствах другім пасля ваяводы, а потым ужо астатніх чыноўнікаў. Тады даводзілася шмат выступаць публічна, даваць інтэрв’ю.

Менавіта на Беласточчыне я пазнаёміўся з прэм’ер-міністрам Польшчы Уладзімежам Цімашэвічам, калі нашы дыпламаты ў Варшаве такой магчымасці не мелі. А мне, маладому консулу, давялося асабіста быць з ім знаёмым, бо яго карані з Беласточчыны.

Апошнія дзесяць гадоў Беласток не спыняў мяняцца: ператвараўся ва ўсё больш чысты і прыгожы горад. Калісьці, калі праходзіў праз парк Палаца Браніцкіх, мне распавялі, што парк можна параўнаць з малым Версалем. А пазней я, ужо на пасадзе амбасадара, апынуўся ў Парыжы, убачыў сапраўдны Версаль. Але да гэтага часу асаблівую цеплыню адчуваю менавіта да беластоцкага палацавага комплексу і ўсяго горада з яго ўнікальнай шматнацыянальнай і шматмоўнай спадчынай і культурай.

Сёння Беласток — гэта рэгіянальная сталіца, у якую прыйшла вялікая колькасць інвестыцый і дзе прыкметна развілася эканоміка. Тут сёння знайшлі свой прытулак многія грамадзяне Беларусі. З этнічнай Радзімы гэтыя людзі з’ехалі найперш па палітычных і грамадска-сацыяльных прычынах, а не па добрай волі. Тут я сустракаю ізноў, як і раней, многіх цудоўных беларусаў. Вельмі важна нам усім усвядоміць, хто ж такія сапраўдныя беларусы, і зведваць глыбокія, цесныя адносіны, паважаць адзін аднаго, адчуваць плячо сябра-беларуса побач.

Павел Латушка ў Беластоку ў 2008 годзе. Фота: Wojciech Wojtkielewicz / Kurier Poranny

«Прыйдзе час, і мы будзем з любоўю развіваць нашу культуру зноў на Радзіме»

Беларусы Польшчы захоўвалі і працягваюць захоўваць нашую культуру. Як палітык і як чалавек, я ўдзячны кожнаму, хто ўносіць свой уклад у гэта. Наша каманда НАУ робiць усё, што ў нашых сілах, каб нас усіх аб’ядноўвала беларуская спадчына. Некалькi тыдняў таму пры падтрымцы органаў мясцовай улады і валанцёраў мы адкрылі «Музей Вольнай Беларусі» — пляцоўку ў цэнтры Варшавы, якая адчыніла свае дзверы для сустрэч усіх годных і таленавітых беларусаў. Яна створаная дзеля захавання нашай гісторыі і падтрымкі беларускай культуры. Вельмі спадзяюся, што ў Беластоку з’явіцца Цэнтр беларускай культуры, аб чым мы дамаўляліся з кіраўніцтвам ваяводства некалькі тыдняў таму.

Але прыйдзе час, і мы будзем з любоўю развіваць нашу культуру зноў на Радзіме. Я шчыра веру ў гэта, бо вера дае нам мажлівасці перамагчы. Верым, можам, пераможам!

Чытайце таксама

Павел Латушка прыехаў у Беласток і завітаў у рэдакцыю MOST

MOST
15 ліпеня 2022, 18:02
латушка

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка прыехаў у Беласток, дзе праводзіў перамовы з мясцовай уладай, і завітаў у рэдакцыю MOST....

Чытаць далейDetails

Дзень Волі ў Беластоку: Ціханоўская, Латушка і салідарнасць з Украінай

Раман Ганчарэнка
25 сакавіка 2022, 19:10
Дзень Волі ў Беластоку

Некалькі сотняў людзей прыйшлі на святкаванне 104-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі у цэнтры Беластока. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел...

Чытаць далейDetails

Павел Латушка: «Усім беларусам раю наведаць Беласточчыну»

MOST
28 студзеня 2022, 15:47
Дзень роднай мовы Павел Латушка

Канцэрты, выставы, кінапаказы, тэатральныя імпрэзы, літаратурныя вечарыны, перформансы, лекцыі і майстар-класы — Месяц беларускай культуры пройдзе ў Варшаве і іншых...

Чытаць далейDetails
Мнение авторов, высказанных в рубрике «Меркаванне», может не совпадать с позицией редакции.
Тэгі: ГалоўнаеМеркаванне

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

кинолог

«На всех старых фотографиях я с собаками». Беларус переехал в Польшу и исполнил мечту детства — стал кинологом

MOST
4 снежня 2025, 17:43

Еще в детстве Сергей Величко был уверен: он станет кинологом. Но жизнь распорядилась иначе — годы работы в других сферах отложили мечту на потом. Только вынужденная эмиграция в...

работа таксистом в Польше

В такси Bolt в Варшаве теперь можно выбрать водителя, который знает польский. Что об этом думают таксисты-иммигранты?

MOST
4 снежня 2025, 14:06

С 1 декабря сервис такси Bolt ввел в Польше новую услугу — выбор машины, за рулем которой будет гражданин этой страны или иностранец со знанием польского языка не...

похоронить домашнее животное в Польше

Что делать, если домашнее животное умирает в Польше? Беларуска поделилась грустным, но полезным опытом

MOST
3 снежня 2025, 17:12

Чихуахуа Зарик прожил 16 лет — это немало для маленькой собаки. Но для Татьяны, которая сейчас живет в Варшаве, смерть все равно была ударом. Женщина признается, что для...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты