Беларус Віталь далучыўся да групы польскіх актывістаў, якія 10 снежня пратэставалі супраць прысутнасці правага палітыка Гжэгажа Браўна на кінафестывалі ва Уроцлаве. Ён кажа, што не мог застацца ўбаку, калі даведаўся пра візіт палітыка.
Ва Уроцлаве Браўн прымаў удзел у 40-м міжнародным кінафестывалі Maksymiliany, дзе паказвалі яго фільм. Там ён спаткаўся з гледачамі, але яго прысутнасць выклікала хвалю крытыкі, у тым ліку з боку Камітэта абароны дэмакратыі. Пратэстоўцы асабліва падкрэслівалі, што фестываль фінансаваўся ў тым ліку гарадскімі ўладамі. Прадстаўніку дэпартамента культуры адміністрацыі горада нават прыйшлося апраўдвацца, што ў першапачатковай заяўцы арганізатараў Браўна не было.
Хто такі Гжэгаж Браўн і чаму яго прысутнасць выклікала скандал
Гжэгаж Браўн — польскі палітык, дэпутат Еўрапарламента, а таксама рэжысёр і публіцыст, вядомы сваімі ўльтраправымі поглядамі і скандальнымі ўчынкамі. Напрыклад, у снежні 2024 года ён прынёс у Сейм вогнетушыцель, каб пагасіць ханукальныя свечкі. А ў 2025 годзе шмат шуму нарабіла яго выказванне, што газавыя камеры ў Асвенцыме — фэйк.
Браўн прытрымліваецца кансерватыўных поглядаў. Ён прыхільнік поўнай забароны абортаў і праціўнік штучнага апладнення. У 2019 годзе ён прапаноўваў караць за гомасексуалізм. Таксама ён займае антыўкраінскую пазіцыю, у тым ліку прапаноўваў не прымаць украінскіх уцекачоў.
У гэтым годзе ў Беларусі Браўн стаў лаўрэатам прэміі «За мір і правы чалавека», заснаванай дабрачынным фондам імя Эміля Чэчкі. На ўручэнне ўзнагароды ён не прыехаў.
Паглядзеў «Нюрнберг» і палічыў абавязкам выйсці
Актывісты прынеслі на акцыю пратэсту польскі, украінскі, а таксама беларускі бел-чырвона-белы сцягі.
Віталь лічыць, што Браўн сімпатызуе Лукашэнку, і падкрэслівае, што ў Беларусі яму нават прысудзілі ўзнагароду. Таму ўдзельнік пікету лічыць важным адкрыта выказаць сваю пазіцыю.
— Лічу, што яго ідэалогія — гэта стары добры фашызм. Нядаўна паглядзеў новы фільм «Нюрнберг» і палічыў сваім абавязкам выйсці на пратэст. У мяне польскія карані: дзед служыў у Арміі Краёвай. І я ўпэўнены, што ён не ваяваў за такую Польшчу, у якой такія, як Браўн, будуць адраджаць камунафашызм у стылі Polska dla Polaków (Польшча для палякаў. — Заўв. MOST), — кажа Віталь.
Паводле яго слоў, перад пачаткам фестывалю Браўн выйшаў з аўтамабіля і, убачыўшы пратэстуючых, павітаўся словамі Szczęść Boże. Гэта традыцыйнае прывітанне, якое можна перакласці як «Бог у дапамогу» або «Няхай Бог благаславіць».
— У адказ я адправіў яго ў Маскву. Пры гэтым у руках трымаў украінскі сцяг. Падыходзілі нейкія людзі, нібыта спрабавалі яго вырваць, казалі: «Забяры гэтую анучу», — але паліцыя адрэагавала прафесійна і адштурхнула іх.
Пратэст прайшоў мірна. Віталь падкрэслівае, што для яго важна, каб у Польшчы не было месца палітыкам, якія падтрымліваюць аўтарытарныя рэжымы і распальваюць варожасць.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



