Каманда Anibel, якая займаецца агучкай анімэ, фільмаў і серыялаў на беларускай мове, вырашыла зрабіць дубляж знакавага польскага серыяла «1670». Каб сабраць сродкі на гэта, праект адкрыў збор.
Anibel называе сабе некамерцыйным праектам па папулярызацыі беларускай мовы і японскай культуры, яго ўдзельнікі перакладалі ў асноўным анімэ і мангу. Але зараз каманда паведаміла пра намер агучыць першы сезон польскага серыяла, які выпусцілі ў 2023 годзе.
«1670» — псеўдадакументальны камедыйны серыял, які выйшаў на Netflix і адразу набыў папулярнасць сярод еўрапейскіх гледачоў, стаўшы адной з прычын рэкорднага росту падпісчыкаў платформы. Як зразумела з назвы, дзеянне адбываецца ў XVII стагоддзі. Сюжэт серыяла круціцца вакол сям’і шляхціца Яна Паўла, які марыць стаць самым вядомым Янам Паўлам у гісторыі Польшчы. Каб дасягнуць камічнага эфекту, аўтары серыяла выкарыстоўваюць усе адценні гумару: сатыру, іронію, абсурд, элементы чорнага гумару. Гледачу сапраўды смешна назіраць як за ўнутранымі адносінамі герояў, так і за іх спробамі глабальна паўплываць на навакольны свет.
Акрамя відавочных жартаў на гістарычныя тэмы, у серыяле ёсць вясёлыя адсылкі да сучаснай палітыкі, рэлігіі, фемінізму, экаактывізму і іншых пытанняў, што сёння знаходзяцца ў цэнтры ўвагі.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся



