Фермеры Юлія і Аляксей пераехалі ў Польшчу з двума коньмі і шасцю сабакамі. У новай краіне яны адкрылі сваю гаспадарку Krapacheese, дзе робяць сыры з авечага, казінага і каровінага малака. Цяпер пара шукае сродкі, каб выкупіць ферму, і прыдумала для гэтага нестандартны спосаб. MOST пагаварыў з Юліяй пра шлях ад браслаўскага хутара да польскай «малочнай Швейцарыі» і пра тое, як пачаць фермерскую справу з нуля.
Чаму коней узялі, а авечак прадалі
Да таго як пераехаць у Польшчу ў канцы 2021 года, Юлія і Аляксей ужо мелі вялікі досвед у сельскай гаспадарцы. У 2015 годзе яны пакінулі Мінск і пераехалі на хутар на Браслаўшчыне, дзе трымалі коз, авечак, кароў і рабілі сыры з уласнага малака.
— Усіх жывёл перавезці было немагчыма — гэта забаронена ветэрынарнымі правіламі, — тлумачыць Юлія. — Але была шчылінка для коней. Мы скарысталіся ёй і перавезлі двух коней. Ну і шэсць сабак з нашага хутара — цяпер яны таксама жывуць тут. Усіх астатніх жывёл мы прадалі ў Беларусі ці проста аддалі.
«Калі вы не фермер, вы не набудзеце больш за адзін гектар зямлі»
Паводле польскіх правіл, каб стаць фермерам, патрэбна адпаведная адукацыя, досвед працы ў сельскай гаспадарцы або спадчына ад бацькоў ці дзядоў, якія ўжо мелі такі статус. З гэтай прычыны адразу пасля пераезду афіцыйна называцца фермерамі Юлія і Аляксей не маглі.
Таму ў 2022 годзе яны абралі іншую форму дзейнасці — сялянскі рознічны гандаль, які лічыцца працай у сельскай гаспадарцы і праз некалькі гадоў дазваляе атрымаць статус фермера. Такая дзейнасць дае магчымасць прадаваць прадукцыю ўласнай гаспадаркі на кірмашах, у крамах або праз інтэрнэт.
— Калі ў вас няма гэтага статусу фермера, нават калі вы паляк, вы не набудзеце зямлі больш за адзін гектар, — кажа Юлія.
32 авечкі і 28 коз
Пасля рэгістрацыі дзейнасці Юлія і Аляксей пачалі паступова аднаўляць гаспадарку. Шукалі жывёл у розных рэгіёнах Польшчы — праз інтэрнэт-платформу OLX. Асабліва пара хацела набыць малочных авечак — тых, што даюць дастаткова малака для вырабу сыроў, а не трымаюцца толькі дзеля воўны або мяса. У Беларусі такіх авечак амаль не было, але і ў Польшчы з пошукам аказалася нялёгка.
— У Польшчы вельмі мала малочных авечак, якія сапраўды даюць малако. Не на паперы, а насамрэч. Звычайна людзі, што трымаюць такіх авечак, вельмі іх цэняць і амаль ніколі не прадаюць, — кажа Юлія.

Доўга шукаючы патрэбных жывёл, пара ўрэшце набыла дзве пароды: Lacaune — французскую і Fryz — нямецкую. Куплялі часткова маладых авечак, а часткова дарослых, якія ўжо давалі малако, каб можна было хутчэй пачаць вытворчасць сыроў.
— Зараз з намі жывуць сем сабак, адна котка, два кані, 32 авечкі і 28 коз, — пералічвае Юлія.
Паводле яе, адна малочная авечка каштуе ў сярэднім ад 600 да 800 злотых. Прыблізна такі ж кошт і ў коз. Канчатковая сума залежыць ад узросту жывёлы і таго, як дамовіцца з гаспадаром, — калі браць некалькі адразу, бывае танней.
«Уласнікі ноччу ўварваліся ў дом»
Першапачаткова Юлія і Аляксей жылі пад Кракавам і здымалі дом з невялікай гаспадаркай. Але калі пачалі аднаўляць сваю дзейнасць і набываць жывёл, зямлі ўжо не хапала — не было дзе пасвіць авечак і коз. Таму праз агенцтва яны пачалі шукаць іншы варыянт.
Новы дом, які яны знайшлі, не быў ідэальны, але ўмовы лепш пасавалі для жывёл і дзейнасці пары. Беларусы заключылі з агенцтвам папярэднюю дамову: праз паўтара месяца павінны былі вярнуцца ўладальнікі, і тады можна было б аформіць доўгатэрміновую арэнду. Здавалася, што цяпер можна спакойна заняцца гаспадаркай, але неўзабаве высветліўся непрыемны нюанс.
— Калі яны прыехалі, аказаліся не вельмі адэкватнымі людзьмі, — згадвае Юлія. — Спачатку пазнаёміліся, усё было добра, але ноччу яны ўварваліся ў дом, ужо напіўшыся. І было відаць па вачах, што гэта для іх нармальны стан. Дзякуючы таму, што большасць людзей сабак усё ж такі баіцца (а ў нас на той момант ужо было сем вялікіх сабак), мы іх выгналі з дому.
На наступны дзень Юлія і Аляксей патэлефанавалі ў агенцтва — і пачаліся новыя пошукі жылля.
«Падобна на маленькую Швейцарыю»
Пасля няўдалай арэнды пад Кракавам сям’і прапанавалі некалькі дамоў, якія ўладальнікі хацелі прадаць. Агент спытаў, ці не хацела б пара набыць адзін з іх. Яны, канешне, хацелі.
Адно з прапанаваных месцаў адразу спадабалася: дом з гаспадаркай, вакол палі, дрэвы, зручныя выпасы для жывёл і ніводнага суседа.
— Тут увогуле такія віды! — захапляецца Юлія. — Падобна на маленькую Швейцарыю.
У выніку агент дамовіўся з гаспадарамі, што пакуль пара чакае ўсе неабходныя дазволы, яны змогуць жыць тут па дамове арэнды, а пасля выкупіць гэты дом.

Фермерам-беларусам крэдыты не даюць
Калі Юлія і Аляксей пачалі шукаць, дзе ўзяць крэдыт, высветлілася, што зрабіць гэта амаль немагчыма: адны банкі даюць іпатэку беларусам, але не даюць фермерам, а іншыя, наадварот, могуць крэдытаваць фермерскія гаспадаркі, але не працуюць з замежнікамі.
Частка неабходных сродкаў у беларусаў ёсць. Але каб выкупіць дом, сям’і не хапае каля 60 тыс. еўра — гэта прыкладна 250 тыс. злотых.
— Спачатку ў нас быў, канешне, напалову дэпрэсіўны стан, — прызнаецца Юлія. — Думаеш: дзе ўзяць гэтыя грошы? З аднаго боку — вялікая сума, з другога — не такая ўжо і недасягальная.
Пара вырашыла шукаць сродкі праз сваю працу. Яны робяць сыры, на якія ўжо ёсць чарга, і арганізуюць экскурсіі на ферму. Праграма доўжыцца каля трох гадзін: госці гуляюць з жывёламі, а потым гаспадары частуюць наведвальнікаў сырамі і беларускімі стравамі.
Шукаюць сродкі праз сертыфікаты і данаты
<Акрамя таго, каб прыцягнуць падтрымку, Юлія зрабіла пост у Instagram, дзе распавяла пра ферму і запрасіла людзей дапамагчы —заданаціць альбо купіць сертыфікат на сыры. Усяго за некалькі дзён праз сертыфікаты і ахвяраванні сям’я сабрала больш за 20 тыс. злотых.
У гаспадарцы робяць сыры з авечага, казінага і каровінага малака — ад свежай рыкоты і тварагу да вытрыманых сыроў і халумі. Ёсць таксама некалькі аўтарскіх рэцэптаў, якія Юлія распрацавала сама. Частку сыроў можна набыць падчас дэгустацый, а частку — заказаць з дастаўкай.
— Мы зразумелі, што самыя камфортныя і зручныя для людзей — сертыфікаты на 500 і на 1000 злотых, — кажа Юлія. — На 500 можна чатыры разы атрымаць сырны набор вагой 1–1,5 кілаграма з дармовай дастаўкай па ўсёй Польшчы. Адпаведна, на 1000 — восем разоў.
З кожным пакупніком фермеры абмяркоўваюць, як яму зручней атрымліваць набор — раз на месяц, раз на два тыдні або радзей.
Сыры робяцца невялікімі партыямі. Некаторыя гатовыя ўжо праз некалькі дзён, а іншыя павінны саспець — для гэтага ім патрэбна ад трох тыдняў да некалькіх месяцаў. У гэты час сыры трымаюцца ў спецыяльным памяшканні з кантраляванай вільготнасцю і тэмпературай.
— Калі б у нас атрымалася сабраць гэтыя грошы сваёй працай, без банкаў і пазык, гэта было б вельмі крута, — кажа Юлія. — Мы ж не толькі робім свае сыры, але і падтрымліваем іншых фермераў. Напрыклад, малако для часткі сыроў купляем у суседа — штотыдзень прыкладна 100–200 літраў. Калі нас не будзе, то і фермеру, які дае нам малако, будзе цяжэй.

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.







