У амбасадзе Польшчы ў Рыме адкрылася інфармацыйная выстава «Польская салідарнасць: падтрымка грамадзянскай супольнасці Беларусі». Яна падрыхтаваная «Беларускім Домам» у Варшаве ў партнёрстве з амбасадай Польшчы ў Італіі і пры ўдзеле асацыяцыі беларусаў у Італіі «Талака».
Дзякуючы падтрымцы Польшчы за апошнія гады «Беларускі Дом» змог аказаць дапамогу тысячам палітычна рэпрэсаваных беларусаў, былым палітвязням і іх сем’ям, расказалі ў арганізацыі.
— Гэтая выстава — наш спосаб падзякаваць Польшчы за салідарнасць і дапамогу. Мы таксама хочам паказаць Еўропе, што падтрымка Беларусі мае значэнне і сёння, калі рэжым працягвае рэпрэсіі, а беларусы не спыняюць змаганне за сваю незалежнасць і дэмакратыю, — адзначыў падчас адкрыцця кіраўнік «Беларускага Дома» Алесь Зарэмбюк.

Арганізатары дадаюць, што адначасова такая выстава — гэта заклік да іншых краін Еўропы працягваць падтрымку беларусаў у іх змаганні за свабоду і дэмакратыю, асабліва ва ўмовах глабальных крызісаў і новых войнаў, якія адцягваюць сусветную ўвагу ад Беларусі.
Выстава будзе прадстаўлена і ў іншых еўрапейскіх гарадах, каб прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці і падкрэсліць важнасць такой падтрымкі.
— Без гэтых праграм Беларусь магла б ужо апынуцца ў складзе Расіі, — лічаць арганізатары з «Беларускага Дома».
Выстава падрыхтаваная пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Польшчы ў межах конкурсу «Публічная дыпламатыя 2024-2025 — еўрапейскае вымярэнне і супрацьдзеянне дэзінфармацыі». Асноўная мэтавая аўдыторыя — палітыкі, дыпламаты, эксперты, журналісты і актывісты, якія фарміруюць еўрапейскую павестку адносна Беларусі.

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



