Алесь (імя змененае) і яго нявеста прайшлі незвычайны шлях, каб пабрацца шлюбам у Польшчы. У іх не хапала дакументаў, каб зрабіць гэта па стандартнай працэдуры. А паехаць па тыя дакументы ў Беларусь маладыя не маглі з прычын бяспекі. І тады яны пайшлі ў суд, каб той дазволіў ім ажаніцца з тымі паперамі, што ў іх ёсць. Цэнтр беларускай салідарнасці, юрысты якога дапамагалі пары, прывёў іх гісторыю.
«Трымалі ў сэрцы надзею, што рэпрэсіі калі-небудзь скончацца»
— Я і мая жонка (тады яшчэ нявеста) вырашылі пабрацца шлюбам у 2024 годзе.
Мы — беларусы, якія на той момант ужо больш за два гады жылі і працавалі ў Польшчы і столькі ж часу не наведвалі Беларусь.
Наша форма легалізацыі — карта побыту па працы. Польскіх каранёў мы не маем, на міжнародную абарону не падаваліся, трымаючы ў сэрцы надзею, што рэпрэсіі калі-небудзь скончацца і мы зможам вярнуцца дадому.
Нашы дакументы не мелі апастыляў. Жывём у Лодзі.
«Заставаўся толькі адзін варыянт — звярнуцца ў суд»
— Паводле польскага заканадаўства мы мусілі падаць у загс (Urząd Stanu Cywilnego, USC) даведку аб адсутнасці перашкод для заключэння шлюбу ў Польшчы.
Атрымаць даведку з беларускай амбасады немагчыма, таму што праз указ 278 для даведкі з амбасады патрэбна даведка з беларускага загсу, прычым амбасада патрабуе такой даведкі і для нявесты, і для жаніха. У беларускі загс можна трапіць альбо фізічна, альбо праз даверанасць, зробленую ў Беларусі.
Такім чынам, і жаніх, і нявеста павінны мець даверанасці, зробленыя ў Беларусі. Гэта быў не наш варыянт.
Таму ў Польшчы заставаўся толькі адзін варыянт: звярнуцца ў суд і атрымаць вызваленне ад абавязку прадстаўляць гэтую даведку.
Дакументы
— Каб суд разглядаў справу і вызваліў ад абавязку падаваць даведку аб адсутнасці перашкод для шлюбу, трэба падрыхтаваць камплект дакументаў для кожнага з будучых мужа і жонкі:
- заява;
- дадаткі да заявы;
- натарыяльная копія карты побыту ў Польшчы;
- натарыяльная копія пасведчання аб нараджэнні;
- прысяжны пераклад пасведчання аб нараджэнні на польскую мову;
- натарыяльная копія пашпарта;
- прысяжны пераклад пашпарта на польскую мову;
- натарыяльная копія пасведчання аб скасаванні шлюбу (калі хтосьці быў раней у шлюбе);
- прысяжны пераклад пасведчання аб скасаванні шлюбу.
Калі ў вас няма пасведчання аб нараджэнні ці аб скасаванні шлюбу (напрыклад, яны засталіся ў Беларусі), гэта таксама можна пазначыць у заяве.
Мы звярнуліся па кансультацыю ў ЦБС і атрымалі прыклад, як мусіць выглядаць заява ў суд. У ёй трэба пазначыць прычыны таго, чаму ты не можаш атрымаць дакументы ў сваёй краіне. У нашым выпадку гэта была падрыхтоўка ўсіх дакументаў для крымінальнай справы.
Да заявы мы прыклалі тры дадаткі, якія пацвярджалі прычыны, па якіх немагчыма атрымаць патрэбныя дакументы ў Беларусі:
- ДАДАТАК A. Абмежаванні на выдачу дакументаў, неабходных для заключэння шлюбу ў Польшчы, праз беларускія амбасады. Тут мы сабралі апісанні і фрагменты законаў, а таксама спасылкі на афіцыйныя беларускія рэсурсы, якія тлумачылі сітуацыю, у якой апынуліся беларусы за мяжой.
- ДАДАТАК B. Беларускія «экстрэмісцкія фармаванні» і Крымінальны кодэкс РБ. Мы прыклалі апісанні адпаведных артыкулаў, спасылкі на тэксты крымінальнага кодэксу, а таксама прыклады таго, якая адказнасць прадугледжана.
- ДАДАТАК C. Фактычнае пацвярджэнне ўдзелу ў пратэстах. Тут былі матэрыялы, якія сведчылі пра наш удзел падзеях у Беларусі.
«Чэргаў мы там не заўважалі»
— Падаць заяву можна ў Бюро абслугоўвання (Biuro Obsługi Interesantów, BOI) вашага суда.
Візіт у суд можна зарэзерваваць анлайн, а можна прыйсці і ўзяць талон на месцы. Чэргаў мы там не заўважалі.
Падыходзіце да пані ў акенцы, апісваеце сітуацыю, атрымліваеце бланк. Запаўняеце бланк і з усім пакетам дакументаў падыходзіце зноў да пані ў акенцы. Яна ўсё правярае і кажа чакаць ліст на фізічную пошту. У нашым выпадку яна сказала пра тэрмін у тры-чатыры месяцы. Фактычна атрымалася каля пяці.
Запрашэнне ў суд прыйдзе на фізічны паштовы адрас, які вы ўказалі ў заяве.
Абавязкова запытайце нумар справы. Ён вам спатрэбіцца далей, каб правяраць яе статус у BOI.
«Усё пасяджэнне заняло каля 30 хвілін»
— Праз пяць месяцаў мы атрымалі запрашэнне ў суд. У лісце былі пазначаныя дата, час і месца пасяджэння.
З сабой мы ўзялі:
- dowód osobisty (пасведчанне асобы. — Заўв. MOST): карты побыту і беларускія пашпарты;
- копіі ўсіх дакументаў па справе.
Усё пасяджэнне заняло каля 30 хвілін і прайшло наступным чынам:
- 5 хвілін — пытанні да нявесты;
- 5 хвілін — пытанні да жаніха;
- 10 хвілін — разгляд справы судом (у гэты час мы чакалі ў калідоры);
- 5 хвілін — агучванне вердыкту.
Судовае пасяджэнне адбывалася на польскай мове і запісвалася.
Жаніху і нявесце задаюць аднолькавыя пытанні:
- Вашае імя, прозвішча, прафесія і чым займаецеся ў Польшчы.
- Ваш грамадзянскі стан.
- Колькі часу вы ўжо жывяце ў Польшчы?
- Колькі часу знаёмыя з жаніхом/нявестай?
- Як і дзе пазнаёміліся?
- Ці ёсць, на вашу думку і згодна з беларускім заканадаўствам, перашкоды для заключэння шлюбу?
- Ці з’яўляецеся вы крэўнымі родзічамі?
- Ці ведаеце вы пра стан здароўя адзін аднаго?
- Ці кахаеце жаніха/нявесту.
«Суддзя ставілася да нас з разуменнем і зычлівасцю»
— У нашым выпадку атмасфера была вельмі прыемная: суддзя ставілася да нас з разуменнем і зычлівасцю. Больш за ўсё хваляванняў было падчас падрыхтоўкі, а не падчас самога пасяджэння. Таксама нас не распытвалі падрабязна, чаму немагчыма атрымаць неабходныя дакументы ў Беларусі. Відавочна, інфармацыі, пададзенай у заяве і дадатках, апынулася дастаткова.
Пасля суда мы зноў звярнуліся ў BOI.
Пані папрасіла аплаціць атрыманне пісьмовага рашэння суда (кошт — 20 злотых).
Дадаткова можна падаць заяву, каб вам вярнулі натарыяльныя копіі дакументаў. Мы гэта зрабілі, бо частка дакументаў яшчэ спатрэбілася ў будучыні.
Пані паведаміла, калі трэба прыйсці па рашэнне суда і вярнуць копіі. У нашым выпадку гэта было прыкладна праз два тыдні пасля пасяджэння.
«У Лодзі нашу сітуацыю ўлічылі»
— Каб узяць шлюб у Польшчы, трэба звярнуцца да любога загса (Urzędu Stanu Cywilnego, USC). У Лодзі гэты ўжонд (дзяржорган. — Заўв. MOST) знаходзіцца па адрасу al. Piłsudskiego 100.
Пры стандартным варыянце вам будуць патрэбныя наступныя дакументы:
- Пасведчанне асобы. У нашым выпадку мы бралі з сабою і карту побыту, і пашпарт.
- Прысяжны пераклад пасведчання аб нараджэнні на польскую мову.
- Прысяжны пераклад пасведчання аб скасаванні шлюбу (калі хтосьці браў шлюб раней).
- Рашэнне суда з дазволам на шлюб у Польшчы.
- Пацвярджэнне аплаты. Рэквізіты можна знайсці на сайце вашага ўжонда.
У кожным з USC трэба распытваць пра бліжэйшы тэрмін, калі вы зможаце ўзяць шлюб. У Лодзі, напрыклад, запіс ажыццяўлялі за тры-чатыры месяцы ад даты заявы ў USC.
Большасць ужондаў, куды мы званілі, патрабавала арыгіналы пасведчанняў аб нараджэнні. Гэта можа стаць сур’ёзнай праблемай для тых, хто не мае магчымасці паехаць у Беларусь. Асноўная аргументацыя ўжондаў: гэтыя дакументы перадаюцца ў польскі архіў на 100 гадоў, таму патрэбныя менавіта арыгіналы.
Аднак у Лодзі нашу сітуацыю ўлічылі. Дзякуючы дазволу суда пагадзіліся прыняць натарыяльныя копіі замест арыгіналаў. Асобная падзяка пані Дароце, кіраўніцы ўжонда, за разуменне і дапамогу.
Могуць прапанаваць жывую музыку
— Перш за ўсё трэба зарэзерваваць візіт у USC. З поўным пакетам дакументаў, а таксама з картай побыту і пашпартам, прыходзіце ва ўжонд. Супрацоўніца правярае ўсе дакументы, прапануе дату для шлюбу.
Пасля ўзгаднення даты вы запаўняеце яшчэ адну заяву.
Пані прымае дакументы і заяву, а таксама можа прапанаваць дадатковыя паслугі, напрыклад жывую музыку падчас цырымоніі.
«Трэба будзе паўтараць клятву за пані»
— У Лодзі цырымонія шлюбу адбываецца не ў галоўным USC, а ў яго філіяле — прыгожым палацы па іншым адрасе. Вам будзе прызначаны дакладны час, на ўвесь працэс адводзіцца каля 30 хвілін.
Што трэба мець:
- пасведчанне асобы (лепш таксама ўзяць карту побыту і пашпарт);
- пярсцёнкі (неабавязкова, але традыцыйна);
- двух сведак.
Што трэба ведаць:
- Цырымонія цалкам праводзіцца на польскай мове. Трэба будзе паўтараць клятву за пані/панам.
- Сведкі таксама павінны хоць трошкі разумець і размаўляць па-польску. Мінімум адзін са сведак павінен адказваць на пытанні супрацоўніка USC.
Палац у Лодзі надзвычай прыгожы і ўрачысты — мы нават не ўяўлялі, што ўсё будзе выглядаць настолькі неверагодна.
З супрацоўнікамі ўжонда было вельмі прыемна мець справу: усё прайшло ветліва і цёпла.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



