Польскія байкеры наведалі ўрочышча Курапаты ў Мінску і ўшанавалі памяць забітых. Побыт польскіх байкераў у Беларусі прайшоў без праблем, затое расійскія ўлады забаранілі ім знаходжанне ў краіне пасля наведвання мемарыялу ў Медным каля Цверы.
Мотапрабег «Панары — Катынь» арганізавала таварыства Kocham Polskę — яго сябры ўжо ў другі раз наведваюць месцы забойства палякаў на тэрыторыі былога СССР. Байкеры наведалі Панары каля Вільні, Меднае, Асташкаў і Катынь у Расіі, а ў Беларусі прыехалі ва ўрочышча Курапаты.
Байкеры ўсклалі вянкі і запалілі знічы каля помніка на месцы, дзе камуністы праводзілі масавыя расстрэлы ў 1937-1941 гадах. Сярод ахвяр, забітых у Курапатах, былі грамадзяне СССР польскай нацыянальнасці, а таксама грамадзяне міжваеннай Польшчы, частка якой у 1939 годзе апынулася пад савецкай акупацыяй. Курапаты лічаць верагодным месцам расстрэлу часткі польскіх афіцэраў, забітых вясной 1940 года падчас Катынскага злачынства.
— Гэта быў момант глыбокага роздуму і рэфлексіі. Мы хочам, каб памяць пра ахвяр Панараў, Катыні, Курапатаў і ўсіх месцаў забойства ніколі не згасла. Гэта не толькі пашана для палеглых — гэта таксама абавязак перад будучымі пакаленнямі, каб гістарычная праўда заўсёды была жывая, — піша таварыства Kocham Polskę ў сваіх сацсетках.
Беларускія ўлады не перашкодзілі ўдзельнікам мотапрабегу ўшанаваць памяць ахвяр у Курапатах. А расійская паліцыя за некалькі дзён да таго, 27 жніўня, затрымала байкераў пасля наведвання мемарыяла ў Медным каля Цверы. Там, на месцы пахавання расстраляных у 1940 годзе польскіх афіцэраў, удзельнікі прабегу прынялі ўдзел у святой імшы, а потым праспявалі гімн Польшчы. Супрацоўнікі мемарыяла выклікалі паліцыю, якая склала на 39 удзельнікаў пратаколы нібыта за парушэнне міграцыйнага заканадаўства і выдала пяцігадовую забарону на ўезд у Расію.
— Гэта быў мотапрабег, які адбываецца больш-менш рэгулярна. Па нашай інфармацыі [расійскія] ўлады палічылі, што лозунгі, якія гучалі на тым месцы, мелі антырасійскі характар. Умешваліся службы парадку, у іх [матацыклістаў] праверылі дакументы, а потым ім выдалі забарону знаходжання і побыту на тэрыторыі Расіі. Па нашай інфармацыі [удзельнікі мотапрабегу] знаходзяцца ўжо па-за тэрыторыяй Расіі, — расказаў прэс-сакратар польскага МЗС Павел Вроньскі.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



