Пятніца, 5 снежня 2025
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

«Адчуванне — фантастычнае». Беларускі журналіст здзейсніў дзіцячую мару і стаў прыватным пілотам у Польшчы

MOST MOST
7 жніўня 2025, 16:01
Гісторыі
A A
стаць пілотам у Польшчы

Адзін з першых самастойных палётаў. Фота з архіва Ігара Кулея

Ігар Кулей — беларускі журналіст, ён больш за дзесяць гадоў працаваў на «Белсаце», здымаў сюжэты і вёў навіны. Але яшчэ з дзяцінства яго сапраўднай марай было лятаць. У 38 гадоў ён вырашыў, што далей цягнуць нельга, — і пайшоў вучыцца на прыватнага пілота. Журналісту MOST мужчына распавёў, як упершыню сеў за штурвал самалёта, колькі спатрэбілася часу і грошай, каб адвучыцца ў польскай авіяшколе, і куды ён паляціць, калі атрымае ліцэнзію.

Хацеў пайсці ў вайсковую авіяцыю, але перашкодзіў рост

Захапляцца авіяцыяй і касманаўтыкай Ігар пачаў яшчэ ў дзяцінстве — чытаў адпаведную літаратуру, ведаў біяграфіі пілотаў Другой сусветнай вайны, а ў самалёт-музей у родным горадзе хадзіў, як прызнаецца, «штодзень, як на абед».

— У маім брэсцкім мікрараёне «Усход» стаяў сапраўдны пасажырскі самалёт. Яго прывезлі ў 1985 годзе пасля нейкага саюзнага спаборніцтва. Там быў музей касманаўтыкі і авіяцыі, бо касманаўт Уладзімір Клімук родам з-пад Брэста. Унутры можна было сесці ў кабіну, паглядзець на арыгінальныя касцюмы, мундзіры, касмічныя артэфакты. Я пазнаёміўся з чалавекам, які там працаваў, і мы гадзінамі размаўлялі пра авіяцыю. Ён працаваў у савецкай сістэме, але не быў пілотам. Я слухаў яго гісторыі і яшчэ мацней упэўніваўся: хачу лётаць, — згадвае Ігар.

Мужчына кажа, што нават збіраўся паступаць у Ваенную акадэмію, каб потым пайсці ў вайсковую авіяцыю. Для гэтага адмыслова хадзіў да рэпетытара па матэматыцы, таму што матэматыка і фізіка былі галоўнымі прадметамі для паступлення на авіяцыйны факультэт. Але калі Ігар быў у дзясятым класе, яго дзядуля прынёс кніжку з умовамі паступлення ў Ваенную акадэмію Беларусі.

— Там было напісана, што ў вайсковыя лётчыкі прымаюць людзей ростам не вышэй за метр восемдзесят шэсць. А я ўжо быў вышэйшы за гэты рост, і я зразумеў, што па фізічных параметрах проста не магу стаць пілотам.

У журналістыку трапіў выпадкова

Жыццё пайшло іншым шляхам, і Ігар вырашыў паехаць вучыцца на палітолага ў Польшчу. А ў журналістыку беларус прыйшоў выпадкова. У той час ён быў адным з сузаснавальнікаў Беларускага дома ў Варшаве. Туды прыехаў нямецкі журналіст, які пазней і прапанаваў беларусу супрацоўніцтва. Потым былі дзесяць гадоў працы на «Белсаце», у тым ліку і кіраўніком аддзела навін. У канцы 2024 года Ігар Кулей звольніўся з тэлебачання і цяпер працуе ў Беларускім расследавальніцкім цэнтры.

За пяць гадоў 250 скачкоў з парашутам

У 2009 годзе Ігар вырашыў, што трэба хоць нешта зрабіць насустрач сваёй дзіцячай мары, і пайшоў займацца парашутным спортам. Скончыў у Польшчы курс і на працягу пяці гадоў даволі інтэнсіўна скакаў кожнае лета, а калі дазваляла надвор’е — і ўвосень.

— Мы ездзілі на лётнішча за 30 кіламетраў ад Варшавы. За гэтыя пяць гадоў я зрабіў крыху больш за 250 скачкоў, — згадвае суразмоўца.

стаць пілотам у Польшчы
Парашутныя заняткі. Фота з архіва Ігара Кулея

Дарэчы, там ён упершыню і паспрабаваў пакіраваць самалётам. Справа ў тым, што той, хто апошнім выскоквае, заўсёды сядзіць наперадзе, на месцы другога пілота. Пілоты, якія вывазілі парашутыстаў, часта давалі патрымаць штурвал.

— Гэта была даволі нудная праца для пілотаў: на працягу дня яны па дваццаць разоў узляталі на чатыры кіламетры, выкідвалі парашутыстаў і вярталіся зноў. Таму, калі я з імі пасябраваў, яны казалі: «Слухай, трымай правы штурвал, нос крыху ўверх і спіраллю з лёгкім крэнам падымайся ўверх на трыццаць градусаў». Я так сабе мог спакойна кіраваць хвілін дваццаць.

Прыйшоў на першы занятак — і адразу за штурвал

У 2023 годзе у дзень нараджэння (Ігару споўнілася тады 38) ён вырашыў, што прыйшоў час здзейсніць сваю дзіцячую мару — стаць пілотам.

— Чым большы ўзрост, тым цяжэй вучыцца і даведвацца пра штосьці новае. Да таго ж дзякуючы парашутнаму спорту я ўжо ведаў шмат людзей з самалётамі, з ліцэнзіямі. Разумеў, як гэта ўсё працуе знутры, — тлумачыць мужчына.

Так ён трапіў на першы азнаямленчы палёт. Будучым пілотам спачатку даюць пакіраваць самалётам, каб тыя былі ўпэўненыя, што гэта сапраўды ім патрэбна.

— Гэта як у аўташколе. Ты думаеш, што цябе спачатку будуць доўга вучыць правілам, а табе адразу даюць руль і кажуць: «Паехалі». У авіяцыі тое ж самае: цябе саджаюць на месца галоўнага пілота, інструктар сядае справа, робіць узлёт і пасадку, а ў паветры кажа: «Ну вось, ляці прама, цяпер паварочваем налева». Вядома, радыёкамунікацыю і навігацыю ты яшчэ не ўмееш весці, але асноўныя прынцыпы адразу пачынаеш адчуваць.

Так Ігар пачаў вучыцца ў авіяшколе, каб атрымаць ліцэнзію прыватнага пілота. Самалёт, на якім будучы пілот рабіў свае першыя спробы, — Cessna 172.

— Гэта адзін з самых папулярных лёгкіх самалётаў у свеце. Калі не памыляюся, гэта самы масавы маторны самалёт у гісторыі. Іх выпускаюць з 1950-х і да сённяшняга дня. Амаль палова пілотаў у свеце лётала ці вучыцца на гэтых машынах.

стаць пілотам у Польшчы
За штурвалам. Фота з архіва Ігара Кулея

Хто прыходзіць вучыцца ў авіяшколу

У авіяшколу, па назіраннях Ігара, прыходзяць вучыцца два тыпы людзей. Першыя — тыя, для каго авіяцыя — проста прыгода. Яны атрымліваюць ліцэнзію, каб час ад часу лятаць у сваё задавальненне.

— Напрыклад, можна ўзяць сяброў, падняцца ў неба пад Варшавай і паказаць ім хмарачосы, стадыён і іншыя цікавыя мясціны. Ці, напрыклад, узяць самалёт і злятаць у Гданьск на мора або ў горы на два-тры дні, а потым вярнуцца. Некаторыя людзі, якія маюць дастаткова фінансаў, нават купляюць уласныя самалёты. Я ведаю нямала прыкладаў, калі такія палёты становяцца для іх любімым хобі.

Другія — тыя, хто хоча стаць прафесійным пілотам, працаваць у авіякампаніі і лятаць на «Боінгах» ці «Эйрбасах», зарабляючы гэтым на жыццё. Навучанне ў такім выпадку будуецца модульна: пачынаецца з базавай ліцэнзіі, і паступова дадаюцца новыя ўзроўні падрыхтоўкі.

— Большасць камерцыйных пілотаў, якія лётаюць у авіякампаніях, пачынаюць свой шлях менавіта з гэтай ліцэнзіі. Спачатку атрымліваецца ліцэнзія на палёты на лёгкіх маторных самалётах. Пасля гэтага дадаюцца наступныя этапы і экзамены: дазвол лётаць па прыборах у складаных метэаўмовах, права на начныя палёты, сертыфікат на кіраванне двухматорнымі самалётамі, ліцэнзія на камерцыйныя палёты і, урэшце, кваліфікацыя на кіраванне рэактыўнымі самалётамі.

стаць пілотам у Польшчы
Ігар Кулей пралятае Нацыянальны стадыён у Варшаве. Фота з яго архіва

Шэсць гадзін палёту з інструктарам — і першае «сола»

Уся вучоба пабудаваная вакол аднаго этапу — першага самастойнага палёту. Пілоты называюць яго «сола». Пасля двух азнаямленчых палётаў пачынаецца бясконцае адточванне ўзлётаў і пасадак.

— Часам за дзень мы ўзляталі і садзіліся дзесяць разоў. Часта гэта робіцца канвеерам: ты дакранаешся коламі да паласы, даеш поўны газ і зноў узлятаеш. Самы складаны элемент — пасадка, яна патрабуе найвялікшай канцэнтрацыі.

Ігара да першага сола дапусцілі ўсяго пасля шасці гадзін налёту з інструктарам.

— Вельмі хутка, нават хутчэй, чым звычайна. Але ў мяне ўжо быў досвед палётаў з парашутыстамі і шмат гадзін у авіяцыйных сімулятарах на камп’ютары. І гэта сапраўды дапамагае.

Пасля сола трэба зрабіць яшчэ шмат самастойных пасадак. Потым — вучоба навігацыі. Інструктар вучыць цябе будаваць трасу па мапе,  знаходзіць маякі, весці радыёсувязь.

— Пілотаў вучаць не толькі кіраваць самалётам, але і планаваць маршрут палёту. Трасу, па якой ты будзеш ляцець, трэба ўмець будаваць самастойна. Інструктар сочыць за працэсам, але галоўная мэта — каб вучань умеў разлічыць і выканаць палёт без знешніх падказак. Зараз, вядома, ёсць сучасныя электронныя карты і дадаткі, якія дазваляюць адсочваць сваю пазіцыю ў рэжыме рэальнага часу, нават на тэлефоне. Але пілотаў вучаць не спадзявацца толькі на электроніку: яна можа адмовіць, тэлефон можна забыць. Таму трэба ведаць, як арыентавацца па класічных метадах і прыборах у кабіне, а калі яны выйдуць са строю — умець працягваць палёт і бяспечна вярнуцца.

стаць пілотам у Польшчы
Начны палёт. Фота з архіва Ігара Кулея

Унутраны і дзяржаўны экзамены

Спачатку палёты з інструктарам адбываюцца па вызначаных маршрутах. Пасля гэтага вучань самастойна выконвае падобныя заданні. Напрыклад, інструктар кажа: «Трэба паляцець у пэўную зону і знаходзіцца там гадзіну». Вучань выбірае пункт, напрыклад горад на поўнач ад Варшавы, ляціць туды, выконвае задачу і вяртаецца.

— Паступова заданні ўскладняюцца. Адзін з этапаў — паляцець па маршруце і прызямліцца на двух розных аэрадромах без інструктара, пасля чаго вярнуцца на свой асноўны аэрадром. Тут правяраюцца адразу некалькі навыкаў: пошук аэрадромаў, правільная радыёкамунікацыя, пабудова заходу на пасадку і здольнасць не згубіцца ў паветры.

Пасля гэтых трэніровак вучань здае ўнутраны экзамен у школе. Ігар у мінулым годзе здаў унутраны экзамен у авіяшколе, а цяпер рыхтуецца да дзяржаўных экзаменаў у польскіх установах грамадзянскай авіяцыі. Пасля гэтага беларусу нарэшце выдадуць ліцэнзію пілота.

— Выпускны экзамен праводзіцца з дзяржаўным інструктарам, які мае афіцыйны атэстат. На гэтым палёце трэба прадэманстраваць, што ты здольны правільна выконваць усе неабходныя працэдуры, падтрымліваць радыёсувязь, весці самалёт, знаходзіць лётнішчы і бяспечна прызямляцца. Толькі пасля паспяховага выканання ўсіх гэтых патрабаванняў выдаецца ліцэнзія. У маім выпадку працэс зацягнуўся з-за пастаяннага дэфіцыту часу і праблем з надвор’ем. Асабліва гэта складана для студэнта-пілота, бо мы не маем права лётаць пры моцным бакавым ветры ці іншых неспрыяльных умовах.

стаць пілотам у Польшчы
Палёт разам з іншымі ўдзельнікамі. Фота з архіва Ігара Кулея

Кошт вучобы залежыць ад школы

Ліцэнзія прыватнага пілота ў Польшчы каштуе каля 10 тыс. еўра за поўны курс. Часам можна знайсці прапановы і за 8-9 тыс. у маленькіх школах, але яны могуць быць у невялікіх гарадах ці на маленькіх аэрадромах.

— У вялікай школе звычайна ёсць некалькі самалётаў і інструктараў, што дазваляе планаваць палёты без вялікіх затрымак. У маленькай школе можа быць толькі адзін-два інструктары і адзін-два самалёты. А самалёты патрабуюць рамонту і тэхнічнага абслугоўвання, таму калі адзін паставяць на планавы рамонт, то лётаць проста няма на чым і навучанне можа зацягнуцца. Варшава — ідэальнае месца для вучобы. Вялікі авіяцыйны рух, шмат самалётаў, верталётаў. Гэта як вучыцца кіраваць аўтамабілем у вялікім горадзе — потым не страшна лётаць дзе заўгодна.

Па выходных — сумесныя палёты на мора і ў горы

У школе, дзе вучыцца Ігар, ёсць традыцыя — на выходных арганізоўваць сумесныя вылеты.

— Збіраемся групай, сядаем на шэсць самалётаў — у кожны змяшчаецца па чатыры чалавекі — і ляцім, напрыклад, у горы. Бяром з сабой грылі, ежу, садзімся на мясцовым лётнішчы. Звычайна там побач ёсць недарагія начлегі — ад 15 да 20 еўра. Увечары распальваем вогнішча, смажым каўбаскі, адпачываем у гарах. На наступны дзень садзімся ў самалёты, ляцім, напрыклад, на мора — і такім чынам сумяшчаем вясёлае з карысным.

Для студэнтаў гэта асабліва каштоўна, адзначае суразмоўца. Такім чынам яны вучацца пракладаць маршруты, адпрацоўваць палёты.

— Часам маршруты праходзяць над замкамі — і можна ўбачыць самыя прыгожыя гістарычныя месцы Польшчы з вышыні.

стаць пілотам у Польшчы
Ігар Кулей Замак у Вальбжыху. Фота з яго архіва

Маршрут без папярэдніх дазволаў і званкоў

Узгадняць загадзя маршрут у Польшчы не трэба. Дастаткова перад вылетам папярэдзіць па радыёсувязі.

— Толькі трэба мець план палёту пасля заходу сонца — ён патрэбны, каб у выпадку праблем цябе маглі знайсці. Але яго можна аформіць літаральна за некалькі хвілін, нават праз тэлефон ужо падчас палёту. Мы так рабілі: затрымаліся з вылетам, зразумелі, што вернемся пасля заходу сонца без плана палёту — проста патэлефанавалі ў службу, назвалі нумар самалёта і пункт прызначэння, і праз 5–15 хвілін план быў зарэгістраваны. Пасля прызямлення трэба не забыць яго закрыць: патэлефанаваць і паведаміць, што ўсё ў парадку. Калі не закрыць — цябе пачнуць шукаць, — тлумачыць Ігар.

У Беларусі, кажа суразмоўца, правілы больш жорсткія.

— Калі я аднойчы хацеў паляцець над родным горадам, трэба было загадзя ўзгадніць маршрут. Умоўна кажучы, крок управа ці ўлева без дазволу ўжо немагчымы. Увесь маршрут падаецца ў дзяржаўную кантору — «Белаэранавігацыю», якая яго ўзгадняе.

Адчуванне — фантастычнае

Калі беларускі журналіст атрымае ліцэнзію, плануе ўзяць сяброў і сям’ю і паляцець над вячэрняй Варшавай. Сваіх дачок ён ужо браў аднойчы ў палёт. Праўда, пакуль толькі з інструктарам  — аднаго яго пакуль не выпускаюць з дзецьмі. Але ўсё роўна, кажа мужчына, яны там вельмі весяліліся: рабілі фігуры, глядзелі ўніз, смяяліся.

— Увогуле гэта ўсё вельмі рамантычна. Памятаю, як у дзяцінстве чытаў Экзюперы, ягоны «Начны палёт». Гэта стварала вялікае ўражанне. І калі ляціш сам, сапраўды адчуваеш тое ж самае. Апісаць гэта цяжка, але адчуванне — фантастычнае. Магчыма, не ўсе ў гэтым бачаць радасць, але мы ўсе розныя. А я вось знаходжу яе менавіта тут.

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся. 

Тэгі: АртыкулыГалоўнаеСамалёты

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

кинолог

«На всех старых фотографиях я с собаками». Беларус переехал в Польшу и исполнил мечту детства — стал кинологом

MOST
4 снежня 2025, 17:43

Еще в детстве Сергей Величко был уверен: он станет кинологом. Но жизнь распорядилась иначе — годы работы в других сферах отложили мечту на потом. Только вынужденная эмиграция в...

работа таксистом в Польше

В такси Bolt в Варшаве теперь можно выбрать водителя, который знает польский. Что об этом думают таксисты-иммигранты?

MOST
4 снежня 2025, 14:06

С 1 декабря сервис такси Bolt ввел в Польше новую услугу — выбор машины, за рулем которой будет гражданин этой страны или иностранец со знанием польского языка не...

похоронить домашнее животное в Польше

Что делать, если домашнее животное умирает в Польше? Беларуска поделилась грустным, но полезным опытом

MOST
3 снежня 2025, 17:12

Чихуахуа Зарик прожил 16 лет — это немало для маленькой собаки. Но для Татьяны, которая сейчас живет в Варшаве, смерть все равно была ударом. Женщина признается, что для...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты