Нядзеля, 30 лістапада 2025
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

«Толькі дакраніся — і бурбалка знікне». Як фестываль Letucień дапамагае раскрыць Беларусь для палякаў

Хрысціна Гараніна Хрысціна Гараніна
29 ліпеня 2025, 08:00
Гісторыі
A A
Пікнік Letucień

Пікнік Letucień. 26 ліпеня 2025 года. Галоўная сцэна. Фота: MOST

Пікнік Letucień — адно з самых маштабных беларускіх мерапрыемстваў у Польшчы. Ужо пяты год запар фестываль праходзіць у Кракаве. Журналістка MOST наведала Letucień і паразмаўляла з яго ўдзельнікамі пра тое, навошта беларусам такія фестывалі, ці можна з іх дапамогай адкрыць Беларусь палякам і ці не замыкаемся мы ў сваёй культурнай бурбалцы.

Ужо на выхадзе з вакзала вісіць вялікі яркі постар фестывалю — ён стракацее на фоне дажджлівага дню. Яшчэ на прыпынку каля парка Jordana, дзе праходзіць фестываль, з-пад парасонаў чуваць беларускую і рускую мову.

Пікнік Letucień
Афіша фестывалю Letucień. Фота: MOST

У мінулым годзе фестываль наведала 5 тыс. чалавек. У гэтым арганізатары чакалі яшчэ больш, хаця ў дзень падзеі, 26 ліпеня, надвор’е было не для пікніка.

Маштабы сапраўды ўражваюць: на карце мерапрыемства — 14 лакацый: сцэн, тэматычных пляцовак, кірмашоў і іншых актыўнасцей. 

Праз дождж асноўны атрыбут пікніка — пледы — амаль знік: трава мокрая. Ды і некаторыя майстар-класы пераносяцца.

«Палітыка — гэта ўжо не вельмі крута»

Пад навесамі, на дрэвах і нават роварах вісяць павукі — не насякомыя, а беларускія дэкаратыўныя канструкцыі з трубачак, што спрадвеку выконвалі функцыю абярэгаў.

Павукі
Павукі. Фота: MOST

Анастасія ўпершыню наведала Letucień, але да гэтага яна была на фестывалях «Гучна» і TUTAKA.

— На польскіх таксама бывала, было цікава. Але на беларускіх фестывалях больш яднання, больш душэўнасці, больш сувязі з публікай. Адчуваю сябе больш расслаблена.

Са сцэны чуваць воклічы: «Жыве рок!», «Жыве Letucień!» Некаторых гэта раздражняе.

— Калі ўсё засяроджваецца вакол [нацыянальнай] сімволікі, 2020 года і тэматыкі «чыстай беларускасці», з’яўляецца адчуванне замкнёнасці, — кажа Віктар (імя змененае). — Калі толькі БЧБ, футболкі «Жнівень», палітыка — гэта ўжо не вельмі крута. Але Letucień такім не выглядае. Тут і беларускае захавалася, і прастора адкрытая. Мне такое падабаецца.

Пікнік Letucień
Пікнік Letucień. 26 ліпеня 2025 года. Фота: MOST

«Гэта пункт камунікацыі»

Парк Jordana знаходзіцца побач са стадыёнам: міма праходзяць аматары футбола ў форме мясцовай каманды «Вісла». Беларуская падзея не выклікае ў іх здзіўлення, фестываль выглядае натуральнай часткай гарадской прасторы.

Марта прыехала з Познані. Жанчына ўпэўненая: нават калі беларускіх фэстаў шмат — гэта не праблема для Польшчы.

— Гэта пункт камунікацыі. Бяспечны і зразумелы. Калі нехта ідзе міма — ён можа спыніцца і паглядзець. А палякаў сёння было шмат. З дзецьмі, з сабакамі. І ўсе — з пазітывам. Гэта крутая магчымасць — паказаць сябе.

Аматары футбола
Аматары футбола ідуць на стадыён. Фота: MOST

«Калі ты хочаш выйсці з гэтай бурбалкі, яна цябе выпусціць лёгка»

Артыст Дзянiс Мандзік — адзін з удзельнікаў дыскусіі «Беларуская музыка: у трэндзе ці ў цені?» Пытаемся, дапамагаюць такія фестывалі інтэграцыі ці, наадварот, замыкаюць беларусаў сярод сваіх.

— Я лічу, што адно іншаму не замінае, — кажа ён. — Таму што нават вось гэты фестываль — гэта наўпрост інтэграцыя беларускай культуры ў польскую. Гэта ж адбываецца ў адкрытым парку, пасярод Кракава, дзе звычайныя людзі з Польшчы таксама ходзяць, бачаць усё гэта, бачаць маштаб, чуюць беларускую музыку. Хто ўмее чуць, хто ўмее адрозніваць стыль ад лайна, зразумее, што гэта крута.

Пікнік Letucień
Пікнік Letucień. 26 ліпеня 2025 года. Фота: MOST

Але ўдзел у беларускіх фестывалях, на яго думку, не адмаўляе таго, што музыкі шукаюць сцежку і на мерапрыемствы для польскай публікі.

 — Магчымасці ёсць, яны адкрытыя. Самому ці з менеджарам трэба шукаць. Гэта не працуе так, што цябе самога запросяць. Асобныя кейсы бываюць, але трэба нешта рабіць, каб туды патрапіць. І ўсё гэта вельмі магчыма. На сваім досведзе кажу: магчыма.

Дзяніс дадае, што працуе з палякамі, і тыя часта шчыра цікавяцца тым, што ён робіць, і просяць перадаваць сэнсы таксама па-польску — каб быць уключанымі.

— Калі ты хочаш выйсці з гэтай бурбалкі, яна цябе выпусціць лёгка. Бо бурбалка — толькі дакраніся, і яна знікне.

«Людзям гэта трэба»

Актор Аляксандр Ждановіч (Маляваныч) нарасхват. Ён вітаецца з рознымі людзьмі, размаўляе, жартуе. Калі на секунду ён застаецца адзін, падыходзім з тым жа пытаннем. 

— Раз людзі прыходзяць, — адказвае ён адразу, — раз ёсць запатрабаванне — то гэта трэба.

Ён упэўнены, што інтарэс да беларускіх падзей толькі расце. І нават шэрае надвор’е не перашкаджае людзям збірацца разам.

— Я не бачу, каб людзей было менш, — дадае Аляксандр Ждановіч. — Значыць, людзям гэта трэба і варта рабіць.

«Мы спрабуем ствараць прастору, дзе будзе камфортна»

У праграме выступаў пераважна беларускія артысты, але сёлета на электроннай сцэне з’явілася польская дыджэйка. 

Арганізатар фестывалю Глеб Ляпейка прызнае, што інтэграваць палякаў у беларускія мерапрыемствы — няпростая задача. Але менавіта таму такія падзеі маюць сэнс.

— Я не лічу, што беларускіх фестываляў у Польшчы зашмат, — кажа ён. — Наадварот, іх недастаткова. Але пытанне не ў колькасці, а ў тым, ці адкрыты яны для іншых. Мы спрабуем ствараць прастору, дзе будзе камфортна і беларусам, і тым, хто проста праходзіць побач. Так, пакуль палякаў няшмат, але гэта працэс. І ён патрабуе часу і рэсурсаў. 

Пікнік Letucień
Вядоўцы фестывалю на сцэне. Фота: MOST

«Калі музыка спадабаецца — застанёмся і заплацім»

Гурт BIAZ NAZVY выступае на беларускіх фестывалях у Польшчы не ўпершыню: да Letucień яны ўжо гралі на «Грай» і TUTAKA. Удзельнікі гурта Аляксей і Вікторыя адзначаюць, што такія падзеі — гэта не пра замкнёнасць, а наадварот — пра адкрытасць і бачнасць беларускай культуры.

— Робім песні і па-беларуску, і па-польску. Не перакладаем, а ствараем новы матэрыял на дзвюх мовах. Гэта дапамагае зацікавіць палякаў: яны чуюць адзін-два трэкі па-польску, заходзяць на Spotify, а там ужо беларускамоўныя песні. І так паступова адбываецца знаёмства з нашай культурай, — тлумачыць Аляксей. 

Пікнік Letucień
Людзі пакінулі заплечнікі і рэчы, каб танцаваць пад сцэнай. Фота: MOST

Вікторыя дадае, што фестывалі накшталт Letucień — гэта добрая форма прадстаўлення беларускай музыкі ў публічнай прасторы, бо паляк з вуліцы на невялікі канцэрт у клуб не заўсёды пойдзе, а вось у парк — можа зазірнуць.

— Бо калі паляк сёння шпацыруе і выпадкова трапляе на падзею — ён ужо бачыць і чуе нас. Гэта клёва!

Гурт прызнае, што беларуская сцэна ў эміграцыі сутыкаецца з абмежаваннямі: менш публікі, цяжэйшая арганізацыя. Таму, на іх думку, патрэбна адаптавацца.

— Мы вясной гралі тур у падтрымку альбома, у тым ліку ў Познані, — успамінае Аляксей. — Прыйшлі палякі — проста выпіць піва. На ўваходзе ім сказалі, што будзе канцэрт і трэба заплаціць. Яны адказалі: «Калі музыка спадабаецца — застанёмся і заплацім». Якраз яны трапілі так, што ўжо другая песня, якую яны пачулі, была па-польску. Яны падышлі да арганізатара, заплацілі за білет і сядзелі да канца канцэрта. Ім патрэбна разумець, пра што спяваюць.

Бурыта і квас

На фудкорце ёсць на што зірнуць: беларускія бліны, дранікі, чабурэкі, сыр з фермы, а побач — бурыта і чуросы ад каманды з Мексікі, аргенцінскія эмпанадас, матча, ліманады, папкорн і цукровая вата.

Да таго ж можна проста набраць вады. Арганізатары прадугледзелі гэты момант — на тэрыторыі ўсталяваная спецыяльная бочка з пітной вадой. 

Пітная вада
Пітная вада. Фота: MOST

У чарзе жартуюць, што фудтрак з блінамі і квасам папулярнейшы за гурт «Разбітае Сэрца Пацана». Уладальнікі кажуць, што прадалі ўжо каля трохсот бліноў. І пакуль не плануюць зачыняцца.

— Вопыт, вопыт, — усміхаецца повар. — Мы ўжо не ў першы раз. Ведаем: галодных лепш не злаваць. Усе ведаюць, дзе нас шукаць.

Пара побач п’е квас — якраз паспелі яго замовіць, бо хутка чаргу папярэдзяць, што напой амаль скончыўся. Дзяўчына — беларуска, а хлопец — паляк. Беларускі фестываль ён называе цікавай падзеяй.

— Я адкрыты чалавек і рад, што ёсць нешта іншае, — кажа ён. — Людзі таксама могуць весяліцца па-свойму.

На фудкорце
На фудкорце. Фота: MOST

Калыханка на завяршэнне

Letucień — вельмі беларускі нават у акалічнасцях. У канцы дня навокал чыста. Валанцёр акуратна мяняе смеццевы мяшок, на зямлі — толькі адна банка з-пад піва. Спіртное ў фудзоне не прадаецца, у паветры няма «фестывальнага» паху алкаголю. 

Пікнік Letucień
Галоўная сцэна. Фота: MOST

Каля сцэны — натоўп. Людзі танчаць, пакідаючы свае заплечнікі і курткі побач, проста кучкамі на зямлі. Побач з імі — сабакі, што зусім не рэагуюць на музыку: спяць, скруціўшыся пад дрэвам. 

На сцэне ў фінале — «Калыханка». Гледачы паднімаюць тэлефоны, уключаюць агеньчыкі. А пасля пачынаюць разыходзіцца.

Апошні плед каля сцэны акуратна складаюць — фестываль павольна згортваецца.

MOST готовит серию материалов в партнерстве с Министерством иностранных дел Польши, чтобы показать беларусам объективную картину происходящего. Все публикации отражают исключительно позицию редакции MOST и не являются официальной позицией МИД Республики Польша.

МИДВы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся. 

Тэгі: АртыкулыГалоўнаеКракаўКультураРэпартажы

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

крыж Сафіі Менскай

Беларуская папулярызатарка гісторыі намагаецца зрабіць рэпліку крыжа Сафіі Менскай — каралевы Дацкай і праўнучкі Усяслава Чарадзея

MOST
28 лістапада 2025, 14:21

Папулярызатарка беларускай гісторыі Марыя Грыц запусціла праект па стварэнні рэплікі знакамітага крыжа Сафіі Менскай — адной з самых славутых ювелірных каштоўнасцей Даніі. Але беларусам яна хіба што бліжэй:...

Черная пятница в Польше

Футболка с Тупаком подешевела на 20 злотых, а айфоны — без скидок. Прогулялись в Черную пятницу по торговым центрам Белостока

MOST
28 лістапада 2025, 10:06

В этом году Черная пятница — популярный в Европе день распродаж — пришлась на 28 ноября. Продавцы одежды, косметики, бытовой техники и других товаров уже накануне расклеили скидочные...

Евгений Веревка

«Американский военный оставил самые большие чаевые». Беларусский футболист тренирует в Польше три команды и подрабатывает в такси

MOST
26 лістапада 2025, 19:55

В Беларуси его трижды задерживали после выборов 2020 года, но он не уезжал до последнего, чтобы быть рядом с дочерью. Сегодня футболист Евгений Веревка живет в Познани и...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты