Летні пікнік Letucień — фестываль, які штогод збірае ў Кракаве беларусаў. У гэтым годзе ён пройдзе 26 ліпеня ў парку Jordana.
У 2024 годзе фэст наведалі больш за 5 тыс. чалавек.
У гэтым годзе арганізатары абяцаюць выступы груп Kriwi, «Бяз назвы», «Разбітае Сэрца Пацана», праекта Domsun, а таксама Iva Sativa. Яны будуць граць на галоўнай сцэне. Акрамя яе, запланаваныя таксама электронная сцэна і этна-пляцоўка.
Асобна будзе працаваць дзіцячая пляцоўка з забаўляльнай праграмай, сямейным квэстам, настольнымі гульнямі, аквагрымам, варкшопамі і іншымі актыўнасцямі.
Дарослых таксама чакаюць майстар-класы, выставы і арт-мерапрыемствы, дыскусіі і прэзентацыі кніг. А яшчэ цікавыя спартыўныя выпрабаванні.
У парку таксама будзе працаваць псіхалагічная пляцоўка з экспрэс-кансультацыямі і адукацыйнымі мерапрыемствамі і пройдуць прэзентацыі недзяржаўных арганізацый.
Колькі гэта каштуе
Уваход на фестываль бясплатны, але арганізатары будуць радыя данатам. Акрамя таго, гасцям могуць спатрэбіцца грошы, каб набыць штосьці на фудкорце ці ля стэндаў асобных удзельнікаў. Прыносіць з сабой ежу можна, а вось алкаголь забаронены.
На мерапрыемства можна прыходзіць з жывёламі, але ўладальнікі нясуць адказнасць за бяспеку і мусяць мець сродкі, каб прыбраць за імі.

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



