Ва Уроцлаўскай майстэрні кожны дзень плятуцца маскіровачныя сеткі — іх адпраўляюць ва Украіну, у тым ліку для абсталявання мяжы з Беларуссю. Іх робяць валанцёры з розных краін. Адзін з каардынатараў ініцыятывы — беларус Барыс (імя змененае). MOST паразмаўляў з ім пра тое, як працуе майстэрня, чаму людзі прыходзяць сюды штодня і як простая фізічная праца набывае сэнс.
«Першым, што мне паказаў Google, былі сеткі»
Калі ў 2022 годзе пачалася вайна ва Украіне, айцішнік Барыс разам з сябрамі з’ехаў з Беларусі ў Грузію. Там ён сустракаў валанцёраў, якія дапамагалі ўкраінцам, што траплялі ў краіну праз тэрыторыю Расіі. Але дзейнасць была хутчэй гуманітарнай — сустрэчы, бытавая дапамога, арыентацыя на месцы. А вось валанцёрства, дзе задзейнічаныя рукі, — пляцення маскіровачных сетак або зборкі дронаў, — амаль не было.
Праз год Барыс пераехаў ва Уроцлаў, дзе ўжо былі знаёмыя і магчымасць легальна працаваць. Тут ён і пачаў мэтанакіравана шукаць, чым можа быць карысны.
— Я спецыяльна шукаў, дзе можна валанцёрыць. Ведаў, што людзі робяць маскіровачныя сеткі, акопныя свечкі, збіраюць дроны. Першым, што мне паказаў Google, былі сеткі. Прыйшоў, паглядзеў — зразумеў, што ўсё даволі проста, галоўнае, каб рукі працавалі. І стаў прыходзіць, спачатку толькі па выходных, — распавядае Барыс.
З цягам часу ён усё лепш разбіраўся ў працэсе і стаў адным з каардынатараў. Цяпер ён не толькі пляце, але і дапамагае арганізоўваць працу, тлумачыць новым людзям, што і як, сочыць, каб майстэрня працавала без перапынкаў.

Ад тканіны да фронту
Маскіровачныя сеткі, якія робяць ва Уроцлаўскай майстэрні, адпраўляюцца літаральна па ўсім фронце — ад Данбаса да мяжы з Беларуссю. Стандартны памер сеткі — чатыры на шэсць метраў. За месяц валанцёры плятуць каля дваццаці такіх сетак, але бываюць і іншыя маштабы.
— Мы зараз збіраем вялікія — 8 на 12 метраў. Адну такую вось толькі што склалі, яна важыць 25 кілаграмаў, — тлумачыць Барыс. — Іх часцей заказваюць для вялікіх участкаў мяжы або адкрытай мясцовасці.
Матэрыялы, з якіх робяць маскіровачныя сеткі, — лёгкія, не ўбіраюць вільгаць і слаба гаручыя. Аснова — спанбонд, зверху нашываюцца палоскі тканіны. Колеры падбіраюць у залежнасці ад сезона і ўчастка фронту: улетку — зялёныя, карычневыя, пясочныя адценні, узімку — пераважна белыя. Частку матэрыялаў прывозяць самі валанцёры, частку даюць спонсары або проста добрыя людзі.
— Некалькі фабрык прывезлі шмат кавалкаў белага матэрыялу. Яшчэ частку з малюнкамі перадалі — яны ідуць зверху, як камуфляж, — кажа Барыс.
Заказы паступаюць непасрэдна ад вайскоўцаў праз валанцёрскія кантакты ва Украіне. Тыя, хто возіць сеткі на фронт, часта дакладна ведаюць, каму і што патрэбна: аднаму падраздзяленню — цёмны летні варыянт, іншаму — карычневы. Пасля перадачы валанцёрам у Львове сеткі адпраўляюцца поштай непасрэдна на адрасы брыгад.
— Мы часта дадаём да сетак малюнкі дзяцей, гарбату, салодкае, — расказвае Барыс. — Гэта можа на нейкі час падняць настрой байцам, якія суткамі сядзяць у халодных акопах.

Тут не пытаюць, адкуль ты
У майстэрні працуюць людзі рознага ўзросту — і маладыя, і пенсіянеры. У асноўным украінкі, многія з якіх перажылі акупацыю ці страцілі родных. Некаторыя прыходзяць разам з дзецьмі або ўнукамі — каб не толькі працаваць, але і пераключыцца, падтрымаць іншых, зрабіць нешта важнае.
— Ёсць жанчыны з Херсона, якія жылі там пад акупацыяй і змаглі выехаць толькі пасля вызвалення. Для іх гэта не проста дапамога — гэта спосаб адчуваць, што яны не бяздзейнічаюць, — тлумачыць Барыс.
Беларусаў сярод валанцёраў мала. Сталых удзельнікаў каманды толькі двое: Барыс і яшчэ адна каардынатарка. Час ад часу прыходзяць яшчэ дзве дзяўчыны. Прычына нізкай актыўнасці зразумелая: многія баяцца наступстваў на радзіме, асабліва калі ездзяць у Беларусь.
Але ў майстэрні няма розніцы паміж беларусамі, расіянамі і ўкраінцамі.
— Калі ты сюды прыходзіш, значыць, ты ўжо для сябе зразумеў, чаму ты тут. І гэта бачна людзям. У нас нават адзін хлопец з Расіі прыходзіць. Усе ведаюць, хто ён, але ён адкрыта тлумачыць сваю пазіцыю, правільна адказвае на ўсе пытанні, — дадае Барыс.

Кветкі для фронту
Калі чалавек прыходзіць у майстэрню ўпершыню, яго ставяць да трэніровачнай сеткі. Даюць раздрукаваны ўзор і паказваюць, як правільна плесці: у якім парадку пераплёт, як не дапусціць прабелаў. Здаецца, што ўсё жорстка рэгламентавана — але нават у такой працы ёсць месца творчасці.
— Ёсць творчыя людзі, якія могуць зрабіць прыгожы кавалак з узорам. Хтосьці, напрыклад, падбірае тканіну так, каб атрымалася лісце або кветка, — тлумачыць Барыс.

«Тут амаль палова — гэта жанчыны ад 60 гадоў»
Плесці сеткі прыходзяць у вольны час. Хтосьці можа затрымацца ўсяго на гадзіну.
— Тут амаль палова людзей — гэта жанчыны ад 60 гадоў і старэйшыя. І я бачу, як ім цяжка: рукі стамляюцца, доўга стаяць цяжка. Ёсць бабулі, у якіх па дзве-тры працы, а яны ўсё роўна прыходзяць, — кажа суразмоўца.
Для Барыса валанцёрства таксама стала справай сумлення і адказнасці.
— Калі ты нешта робіш, і гэта потым прыехала [на фронт] і неяк дапамагло — ну гэта крута. Гэта простая фізічная праца, але яна напоўнена сэнсам. І кожны, хто сюды прыходзіць, гэта разумее, — кажа Барыс.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.





