У Польшчы ўшанавалі памяць ахвяр злачынстваў супраць праваслаўнага насельніцтва ў пасляваенныя часы. Маршалак Сейма Владзімеж Чажасты прыняў удзел у жалобных урачыстасцях у вёсцы Заляшаны недалёка ад беларускай мяжы, дзе 29 студзеня 1946 года жаўнеры антыкамуністычнага атрада Рамуальда Райса (вядомага пад псеўданімам Буры) забілі 16 мірных жыхароў.
Жалобныя ўрачыстасці прайшлі 29 студзеня, у 80-ю гадавіну пацыфікацыі вёскі Заляшаны. У манастыры святой Кацярыны адбылася літургія, пасля яе ўдзельнікі ўсклалі вянкі і кветкі да крыжа-помніка ў цэнтры вёскі і памаліліся там за забітых. Акрамя Чажастага, у мерапрыемстве прынялі ўдзел дэпутаты Сейма, прадстаўнікі мясцовага самакіравання, праваслаўнага духавенства, беларускай меншасці Падляшша і мясцовыя жыхары.
— Гэта было злачынства. Былі забітыя людзі, якія не змагаліся супраць Польшчы, якія былі праваслаўныя, якія проста, паводле тых, якія іх забілі, былі іншыя. Былі забітыя людзі за тое, што былі сабой. Гэтае злачынства мае прыкметы генацыду, — заявіў Владзімеж Чажасты (цытата па Polskie Radio).
Ён дадаў, што няма ніякай іншай інтэрпрэтацыі гэтай падзеі і ніякага апраўдання ёй.
Пазней падчас прэс-канферэнцыі Владзімеж Чажасты заявіў, што на найбліжэйшым пасяджэнні Сейма будзе разгледжаны законапраект аб кампенсацыі ахвярам і сем’ям ахвяр злачынстваў, здзейсненых на нацыянальнай, рэлігійнай або расавай глебе ў 1945-1946 гадах.
Рэйд Бурага
У канцы 1945 — пачатку 1946 года прадстаўнікі польскага антыкамуністычнага падполля старалася схіліць беларусаў, якія жылі на Беласточчыне, да выезду ў БССР. Неаднойчы для гэтага ўжывалі пагрозы, знішчэння маёмасці, акты застрашвання. Былі выпадкі забойства асобных людзей ці сем’яў.
29 студзеня 1946 года атрад антыкамуністычнага Нацыянальнага Вайсковага Аб’яднання (NZW) пад кіраўніцтвам Рамуальда Райса (Бурага) увайшоў у вёску Заляшаны. Жаўнеры Бурага застрэлілі некалькіх вяскоўцаў, а таксама спалілі вёску. Ад куль і агню загінулі 16 чалавек, сярод якіх была сям’я Леаньчук з малымі дзецьмі ва ўзросце двух тыдняў і аднаго года.
У наступныя дні партызаны Бурага працягнулі свой рэйд па Бельшчыне. 31 студзеня яны расстралялі каля Старых Пухалаў 30 фурманаў, якіх за некалькі дзён да таго прымусілі ехаць за атрадам. 1-2 лютага часткова спалілі Зані, Шпакі і Канцавізну, дзе забілі 31 чалавека. У Шпаках жаўнеры Бурага смяротна паранілі 20-гадовую Марыю Петручук, якая супраціўлялася сэксуальнаму гвалту з іх боку. Праваслаўная царква абвясціла яе святой.
Яшчэ дваіх чалавек удзельнікі атрада Бурага забілі ў Выганаўскай Вольцы. Усяго падчас рэйду ў канцы студзеня — пачатку лютага 1946 года загінулі 79 чалавек. Усе забітыя мелі беларускую нацыянальнасць і праваслаўнае веравызнанне. Камуністамі былі толькі некалькі з іх.
Памяць пра ахвяр
У 2005 годзе Інстытут Нацыянальнай памяці — дзяржаўная ўстанова, якая займаецца вывучэннем злачынстваў супраць польскага народа, — прызнаў, што дзеянні Бурага маюць прыкметы генацыду.
— Забойствы фурманаў і пацыфікацыі вёсак у студзені і лютым 1946 года не можна атаясамліваць з барацьбой за незалежнае існаванне дзяржавы, бо яны маюць прыкметы генацыду. Ні ў якім выпадку нельга таго, што здарылася, апраўдваць змаганнем за незалежнае існаванне польскай дзяржавы, — гаворыцца ў дакуменце, які ў 2005 годзе апублікаваў ІНП.
Памяць пра ахвяр захоўвае перадусім мясцовая супольнасць, сваякі і нашчадкі забітых. У 2025 годзе рэжысёр Юры Каліна зняў фільм «Наша памяць», прысвечаны тым падзеям.
У чэрвені 2021 года Заляшаны наведаў тагачасны прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і ўсклаў вянок да крыжа.
Некаторыя нацыяналістычныя асяроддзі ў Польшчы, наадварот, ушаноўваюць Рамуальда Райса-«Бурага». У 2016-2022 гадах яны ладзілі ў Гайнаўцы «Маршы выклятых жаўнераў», падчас якіх называлі Бурага героем, які забіваў ворагаў Польшчы.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



