Яшчэ некалькі гадоў таму Іванка Самайловіч вучылася на біятэхнолага ў БДУ і не думала, што калісьці будзе рабіць упрыгажэнні. Але пасля вымушанай эміграцыі яна знайшла сябе менавіта ў гэтым. Элементы для пацерак і калье дзяўчына знаходзіць сярод рэчаў, якія больш не патрэбныя ўладальнікам. Шукае іх у розных месцах, у тым ліку ездзіць на папулярныя ў Польшчы расхламленні кватэр — калі гаспадарам трэба хутка вызваліць нерухомасць перад продажам. Як гэта працуе і чаму яна ўсё ж не бізнесвумен, Іванка расказала MOST.
«Мне не падабаецца слова “біжутэрыя”, бо яно вельмі танна гучыць»
Іванцы Самайловіч 24 гады. У Польшчу яна пераехала ў 2020 годзе па палітычных прычынах. Да гэтага вучылася на біяфаку БДУ па напрамку біятэхналогіі. Эміграцыя моцна ўдарыла па яе маральным стане.
— Я без адукацыі, у незнаёмым горадзе. Мова — незнаёмая. Пару гадоў было вельмі дрэнна, — кажа Іванка.
У новай краіне трэба было шукаць занятак. Так паступова яна вярнулася да таго, што любіла яшчэ да эміграцыі, — стварэння ўпрыгажэнняў.
— Мне не падабаецца слова «біжутэрыя», бо яно вельмі танна гучыць. Мне больш падабаецца «ўпрыгажэнні». У ім адразу зразумела, што чалавек патраціў час і сілы, — тлумачыць яна.

«Знайшлі дзесяць кілаграмаў біжутэрыі і заплацілі за ўсё 70 злотых»
Купляць новыя матэрыялы Іванка стараецца як мага радзей. Ёй блізкая ідэя перапрацоўкі і паўторнага выкарыстання рэчаў. Да таго ж гэта дазваляе не рабіць паўтораў, а ствараць кожны раз новы выраб.
Матэрыялы для сваіх упрыгажэнняў дзяўчына знаходзіць у самых розных месцах. Адна з галоўных крыніц — крама, дзе яна зараз працуе. Яна дзейнічае ў фармаце вінтаж-шоп, ці цыркулярны буцік. Людзі могуць прыносіць туды непатрэбныя рэчы.
— Да нас часам прыносяць старыя ўпрыгажэнні, часам усё адразу — з падвалаў. Два кіло нейкай старой біжутэрыі, бруднай, з попелам ад цыгарэт, — кажа яна. — Я ўсё гэта перабіраю, мыю, чышчу. Для мяне гэта медытатыўны працэс.
Акрамя крамы, Іванка шукае матэрыялы на кірмашах і барахолках, дзе можна танна знайсці цікавы матэрыял для працы.
— Часам купляю ўпрыгажэнні на вагу. Аднойчы мы з сяброўкай знайшлі дзесяць кілаграмаў біжутэрыі і заплацілі за ўсё 70 злотых, — успамінае яна.
Не ўсе рэчы атрымліваецца выкарыстаць. Частку даводзіцца адразу выкідваць — з імі ўжо нічога нельга зрабіць. Але з некаторых усё ж атрымліваецца стварыць нешта новае.
«Шмат рэчаў проста выкідваюць, хоць яны яшчэ могуць жыць далей»
Адзін з самых нечаканых спосабаў пошуку матэрыялаў — расхламленне кватэр, ці, як гэта называюць па-польску, апружненне. Гэта папулярны ў Польшчы фармат вызвалення кватэр ад непатрэбных рэчаў, напрыклад перад продажам. Гаспадар або агент нерухомасці дае абвестку, і кожны можа прыйсці ў пэўны час і ўзяць тое, што яму патрэбна.
— Часцей за ўсё гэта кватэры старэйшых людзей. Яны паміраюць, а родныя не хочуць разбірацца з рэчамі. Усё трэба хутка вынесці, — тлумачыць Іванка.

На такія выезды яна ездзіць па працы — для вінтаж-шопа. Каманда глядзіць, што можна забраць, а што ўсё роўна пойдзе на сметнік. Але такі лёс рэчы беларуска ўспрымае асабліва балюча і штосьці «выратоўвае» для сябе.
— Гэта ж скарбы. Шмат рэчаў проста выкідваюць, хоць яны яшчэ могуць жыць далей, — кажа яна.
Адзінае, што дзяўчына заўжды купляе, — фурнітура. Яе нельга браць сэканд-хэнд, бо яна ржавее.
«Хто першы, той лепшы»
Расхламленне кватэры выглядае як сапраўдная гонка.
— Бывае, што ты прыязджаеш за 40 хвілін да пачатку, а там ужо стаяць людзі. Калі гаспадар або агент адчыняе дзверы, дзейнічае простае правіла: хто першы, той лепшы, — кажа Іванка. — Так палякі звычайна і кажуць.
Людзі прыязджаюць па рознае: хтосьці шукае посуд, хтосьці — дываны або мэблю, хтосьці — швейныя машынкі ці дробныя рэчы для дому. Частка таго, што не забяруць, у той жа дзень апынецца на сметніку.

Кошт такіх выездаў залежыць ад сітуацыі. Часам гаворка ідзе пра аплату за асобныя рэчы, а часам — пра дамоўленасць за «апружненне» ўсёй кватэры.
— Былі выпадкі, калі мы плацілі каля 700 злотых. Іншым разам — каля 1000. Летам можна было забраць цэлую машыну рэчаў, — успамінае Іванка.
Па яе словах, адзінай сістэмы тут няма: усё залежыць ад дамоўленасці, тэрмінаў і таго, наколькі хутка ўладальнікам або агентам трэба вызваліць кватэру.
«Людзі добрыя, калі ласка, дапамажыце аплаціць маю працу»
Восенню 2024 года Іванка паспрабавала рабіць майстар-класы. Яна хацела, каб людзі маглі самі папрацаваць з матэрыяламі і нешта зрабіць. На заняткі прыходзілі і дарослыя, і бацькі з дзецьмі — часта гэта былі сумесныя майстар-класы. Сярод удзельнікаў былі палякі, украінцы і беларусы.
Першых удзельнікаў Іванка шукала праз знаёмых і тэматычныя чаты, пазней людзі пачалі прыходзіць па рэкамендацыях.
Спачатку Іванка здымала памяшканні за ўласныя грошы, а працавала за данаты.
— Я здымала пакой на дзве гадзіны і ставіла скрыначку. Казала: «Людзі добрыя, калі ласка, дапамажыце аплаціць маю працу», — успамінае яна.
Доўгі час майстар-класы выходзілі ў нуль, але потым беларуска стала выходзіць у мінус. Іванка шукала іншыя прасторы, хадзіла па кавярнях, але фармат «за данаты» аказаўся нестабільным — не ўсе гатовыя падтрымліваць такія ініцыятывы. Таму летам 2025 года дзяўчына ўзяла паўзу.

«Як ацаніць ідэю?»
Упрыгажэнні Іванкі — не серыйныя вырабы. Кожная рэч складаецца з таго, што ўдалося знайсці, і таму заўсёды атрымліваецца своеасаблівай. Знойдзеныя рэчы натхняюць на розныя сюжэты, але сама Іванка любіць тэмы сярэднявечча, фэнтэзі і нават гульню Skyrim. Прызнаецца, што рабіла нават амулеты.
Гатовыя працы Іванкі часам выстаўляе на Etsy — міжнароднай платформе для продажу хэндмэйду, — і на Vinted, папулярнай пляцоўцы для перапродажу рэчаў. Але прызнаецца: прадаваць і ацэньваць сваю працу ёй складана.
— Я ўмею рабіць, але я не бізнесвумен. Як лічыць час, калі ты вязала, потым распускала і пачынала нанова? Як ацаніць ідэю? — тлумачыць Іванка.

Самы дарагі выраб прадала за 220 злотых
Летам Іванка ўдзельнічала ў кірмашах, пераважна невялікіх і лакальных. Часцей за ўсё гэта былі мерапрыемствы з бясплатным доступам або сімвалічным унёскам. Аўдыторыя там не заўсёды гатовая нешта купляць. З цягам часу беларуска зразумела: каб трапляць на кірмашы з іншай аўдыторыяй, трэба адкладаць грошы.
Часцей за ўсё кошт вырабаў атрымліваецца сімвалічны. Самая дарагая рэч, якую Іванцы ўдалося прадаць, каштавала каля 220 злотых.
— Гэта быў адзіны такі выключны выпадак. Да мяне падышоў мужчына з Францыі, ён быў з маленькім дзіцяці. Яму спадабалася ўпрыгажэнне, і ён яго купіў, — успамінае яна.

Ад аксесуара да вобраза
Сёння Іванка ўсё часцей працуе як аўтарка не толькі аксесуараў, але і вобразаў у цэлым. Падбірае рэчы для мадэляў на фотасесіях, працуе з прычоскай і над агульным візуальным рашэннем, займаецца сцэнаграфіяй.
— Я магу ўявіць, як гэта павінна выглядаць і потым зрабіць гэта рукамі, — кажа яна.

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



