У вёсцы Мастаўляны ў Падляскім ваяводстве Польшчы ўрачыста адкрылі інфармацыйныя табліцы на месцы сядзібы Каліноўскіх. Там у 1838 годзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года. На мерапрыемства сабраліся каля ста чалавек, паведамляе Радыё Рацыя.
Табліцы размясцілі на рэштках муру, які з’яўляўся часткай сядзібы Каліноўскіх. Праекты табліц распрацаваў мясцовы скульптар Ян Талуць, які раней стварыў помнік у гонар Кастуся Каліноўскага ў Мастаўлянах. На адной з шыльд адлюстраваная рэканструкцыя выгляду сядзібнага комплексу, на другой, празрыстай, — верагодны выгляд дома Каліноўскіх. Праект быў рэалізаваны пры падтрымцы мясцовага самакіравання — гміны Міхалова і яе бурмістра Марэка Назаркі.
— Яшчэ чатыры гады таму мы збіраліся ў Беластоку і гаварылі пра тое, што варта абазначыць гэтае месца, бо людзі прыязджаюць у Мастаўляны, яны бачаць помнік і думаюць: дзе Каліноўскі тут увогуле жыў? Аказваецца, ёсць гэтае месца, ёсць падмуркі сядзібы і ёсць цэлая навуковая праца, прысвечаная гэтым месцам, ёсць схема плану сядзібы, — расказала адна з ініцыятарак праекта, журналістка Вольга Сямашка.
Дату адкрыцця шыльд прымеркавалі да гадавіны ўрачыстага перапахавання парэшткаў паўстанцаў, у тым ліку Кастуся Каліноўскага, на могілках Росы ў Вільні, якое адбылося 22 лістапада 2019 года. Тады ў Вільні сабраліся некалькі тысяч беларусаў, якія прайшлі ў працэсіі пад бел-чырвона-белымі сцягамі.
Удзельнікі мерапрыемства спачатку ўсклалі кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму, а потым сабраліся каля новых шыльд на месцы сядзібы. Шыльды асвяціў каталіцкі святар Вячаслаў Барок, душпастыр беларусаў у Варшаве. Перад удзельнікамі выступілі прадстаўнікі беларускай дыяспары, беларускай меншасці на Падляшшы, а таксама мясцовых уладаў. Таксама ў Мастаўляны прыехалі прадстаўнікі Клуба гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863 у строях паўстанцаў.
— Вельмі важна, што даволі шмат людзей сабралася і прыйшлі прадстаўнікі мясцовых уладаў і беларускія актывісты, і беларускія мастакі, і мастакі-грамадзяне Польшчы. І ўсё гэта разам так аб’ядналася пад бел-чырвона-белымі сцягамі, каб узгадаць памяць той асобы, якая ўпісаная залатымі літарамі ў гісторыю беларускага народа, Кастуся Каліноўскага. Але і той асобы, якая аб’ядноўвае нас з палякамі і літоўцамі, — сказаў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



