У польскіх медыях і сацсетках нарабілі розгаласу фотаздымкі дарожных указальнікаў у гміне Орля, недалёка ад беларускай мяжы. Надпісы на іх зробленыя на дзвюх мовах — польскай і беларускай. У многіх гэта выклікала абурэнне.
Чаму насамрэч на ўказальніках пішуць па-беларуску
Двухмоўныя знакі на тэрыторыі гміны Орля стаяць з 2011 года — так пастанавіла мясцовае самакіраванне. Польскія законы дазваляюць ставіць такія ўказальнікі ў гмінах, дзе не менш за 20% жыхароў належыць да якой-небудзь нацыянальнай меншасці. Да сённяшняга дня гміна Орля — адзіная ў Польшчы, дзе беларуская мова ўжываецца на дарожных знаках.
Адзначым, што гаворка ідзе не пра імігрантаў, а пра карэнных грамадзян Польшчы беларускага паходжання, якія спрадвеку жывуць у Орлі.
У іншых частках Польшчы можна сустрэць дарожныя знакі з надпісамі на літоўскай, нямецкай, кашубскай і лемкаўскай мовах.
Чаму на двухмоўныя ўказальнікі звярнулі ўвагу менавіта зараз
Фотаздымкі знакаў з Орлі разляцеліся па польскіх сацсетках у лістападзе, пасля таго як іх апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook гід і папулярны на Падляшшы блогер Павел Каліноўскі (Paweł Hulajnoga). Ягоны допіс сабраў больш за 2,5 тыс. каментарыяў і 300 рэпостаў.
Многія адрэагавалі негатыўна, а некаторыя нават не здагадаліся, што надпісы зробленыя па-беларуску, а не па-руску.
— Сорам. Нідзе за межамі Польшчы няма назваў на нашай мове. Ці гэта вяртанне да падзелаў [Рэчы Паспалітай]: на Сілезіі — па-нямецку, на Падляшшы — па-руску? — піша карыстальніца Бажэна Лапіньска.
— Прынамсі калі прыйдуць расіяне, то не будуць павінны новыя знакі ставіць, думка пра будучыню, вартая пахвалы, — з’едліва каментуе Jakub Ko.
— А ў Беларусі таксама так — назвы населеных пунктаў па-польску? Хто бачыў? — пытаецца Крыстына.
— Так не павінна быць. Толькі па-польску, павінны змяніць, — піша Ядвіга Клепацка.
«Каму гэта можа перашкаджаць?»
Аднак большасць каментатараў падкрэслівала разнастайнасць моў і культур на Падляшшы і неабходнасць іх шанавання.
— Як відаць па каментарыях, неразуменне двухмоўнасці і гісторыі польска-беларускага памежжа для людзей з па-за нашага рэгіёна, які большасць лічыць неталерантным і адсталым, — гіганцкае. Жыла і найдалей жыве на Падляшшы меншасць з беларускімі каранямі, якая карыстаецца гэтай мовай або яе дыялектамі. Гэта — не ліберальнае новаўвядзенне, а рэчаіснасць, якую прымаюць і кансерватары, і каталікі, і праваслаўныя, — каментуе карыстальніца Яана Касіньска-Главацка. Яе каментарый стаў самым папулярным, сабраўшы 2,4 тыс. падабаек.
— Для ўсіх, хто абураны, — Польшча была шматкультурнай краінай, мы мелі шматлікія нацыянальныя меншасці. <…> Гэтыя людзі жывуць там пакаленнямі, і гэта іх Айчына, як і ўсіх абураных, — [яны] грамадзяне Польшчы. Нацыянальныя меншасці маюць права на навучанне на сваёй мове і на двухмоўныя знакі. Гэта культурнае багацце, след супольнай гісторыі, узаемапранікнення культур, моў і гэтак далей, — піша карыстальніца Івона Рудоль.
— Гэтыя знакі стаяць з дваццаць год, нічога новага. Прайдзіцеся па нашых могілках — вось тады будзеце ўражаныя. Большасць надпісаў на помніках — не па-польску. Тут размаўляюць на [мясцовых] гаворках, нам гэта не перашкаджае. А перш чым хтосьці напіша поўны абурэння каментарый, раю пазнаёміцца з культурнай разнастайнасцю Падляшша, і наогул краіны, — каментуе Ewa Arleta Bubul.
— Дык у іншых рэгіёнах ёсць двухмоўныя знакі нямецкія, кашубскія, літоўскія. Тут — беларуская мова, і не ведаю, каму гэта перашкаджае, калі руская (старабеларуская. — Заўв. MOST) была афіцыйнай нароўні з польскай у Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, — піша Матэвуш.
— Нармальнасць. Такія знакі павінны быць на кожным памежжы. Польшча як Дом для ўсіх. Каму гэта можа перашкаджаць? — каментуе журналіст і дзеяч беларускай меншасці на Падляшшы Томаш Суліма.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



