У верасні польскі горад Зялёна Гура дзевяць дзён жыве пад уладай бога віна Бахуса. Па традыцыі мэр перадае яму сімвалічныя ключы ад горада. У гэтым годзе вінабранне — галоўнае свята віна — доўжыцца з 6 да 14 верасня. Журналістка MOST наведала свята і даведалася, чым яно прыцягнула беларусаў і чаму богам працуюць больш чым на адну стаўку.
У першы дзень вінабрання цэнтр Зялёнай Гуры ператвараецца ў вінны лабірынт. На плошчах і вуліцах — дзясяткі палатак. Цэны на напой амаль усюды аднолькавыя — 15-20 злотых за 100 мілілітраў. Але нягледзячы на тое, што алкаголь даступны літаральна на кожным рагу, абыходзіцца без п’яных боек і непрыстойных паводзін.

100 грам шашлыку — за 18 злотых, смажаны сыр — за 5
Нягледзячы на моцны дождж, наведвальнікі шпацыруюць ад палаткі да палаткі з келіхамі ў руках або носяць іх на спецыяльных трымальніках на шыі — дзве пажылыя паненкі, падобна, звязалі сабе такія сваімі рукамі.
Тут жа смажаць шашлыкі, пякуць хлеб, падаюць бутэрброды са шмальцам. За 100 грам шашлыку просяць 18 злотых, за смажаны сыр — 5.

Крыху воддаль пачынаецца звычайны кірмаш. Тут прадаюць старыя нямецкія дакументы і фатаграфіі, сервізы і іншы шырспажыў. Гандляр падрабязна тлумачыць жанчыне, як карыстацца пельменніцай.
Беларусы ў Зале шэпту
Недалёка ад цэнтра знаходзіцца Зала шэпту — 170-гадовы вінны паграб, які некалькі гадоў таму рэканструявалі і выкарыстоўваюць для правядзення сустрэч і мерапрыемстваў. Тут сабраліся беларусы з Уроцлава, Зялёнай Гуры, Алясніцы, Варшавы, Кракава, Познані, Катавіц, Кашаліна і Вальбжыха — усяго каля 70 чалавек. Свята вінабрання стала для іх падставай сабрацца: тут дранікі, беларускія танцы і інтэграцыйныя гульні — каб пазнаёміцца.

Арганізатары абяцаюць экскурсію з газавымі лямпамі па старых вінакурнях горада і вячэрні Забег Бахуса на дыстанцыю 10 кіламетраў.
— Ідэя зблiжацца дыяспарамi, знаёмiцца, аб’ядноўвацца і ладзіць супольныя актыўнасці нам вельмі блізкая, — дзеліцца Кацярына (імя змененае) з Уроцлава.
Дзяўчына прызнаецца, што раней і ўявіць сабе не магла, што дзеля інтэграцыйных мерапрыемстваў беларусы замежжа будуць ездзіць праз паўкраіны, але цяпер гэта стала нормай.
Марыя (імя змененае) спецыяльна прыехала з Варшавы.
— Мне спадабалася, што сюды праязджаюць беларусы з розных гарадоў. Гэта файна, бо можна пазнаёміцца i разам весела пабавіць час, — кажа яна. Маштаб свята яе ўразіў, як і атмасфера: гараджане і госці шпацыруюць па горадзе, спрабуючы віно, сыры і іншыя пачастункі.
Па пятах за богам віна
Сярод палатак шпацыруе і сам Бахус — на галаве ў яго вянок з вінаграду. Акцёр Марцін Вішнеўскі ўжо 16 гадоў запар ўвасабляецца ў гэты вобраз у Зялёнай Гуры.
Наперадзе яго чакае галоўнае — цырымонія ўручэння ключоў ад горада, якія па традыцыі перадае мэр. А пакуль Бахус ходзіць ад адной палаткі да іншай: прадаўцы наліваюць яму крыху віна, ён абменьваецца з імі парай фраз і рухаецца далей.

За ім утвараецца чарга з жадаючых сфатаграфавацца. Адна з іх распавядае, што сёння сабрала свой вінаград і ўжо падрыхтавала яго да закісання. Сустрэчу з Бахусам яна лічыць добрым знакам перад падрыхтоўкай віна.
— Бахус — гэта не роля, а стан душы, — прызнаецца Марцін Вішнеўскі. — Гэта праца больш чым на адну стаўку. Але гэта неверагодная радасць, таму што я адчуваю падтрымку ўсіх і асаблівую атмасферу горада ў гэтыя дні.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



