З 14 жніўня па 4 верасня ў самым цэнтры Варшавы пад адкрытым небам будуць паказваць нямыя фільмы з Украіны, Польшчы, Германіі і Беларусі. Паказы будуць суправаджацца жывой музыкай, якую спецыяльна для гэтых стужак напісалі беларускія і польскія кампазітары.
Сеансы будуць адбывацца штотыдзень па чацвяргах а 20:00 у дворыку Free Belarus Museum на вул. Foksal, 11. Сачыць за навінамі можна на старонцы мерапрыемства ў Instagram. Квіткі ўжо ў продажы.
Што пакажуць?
14 жніўня, 20:00 — Прыгоды паўрубля (Украіна, 1924)
21 жніўня, 20:00 — Белы след (Польшча, 1932)
28 жніўня, 20:00 — Фаўст (Германія, 1926)
4 верасня, 20:00 — Прастытутка (Беларусь, 1926)
— Асабіста мне вельмі падабаецца, што мы пакажам і Прастытутку — першы беларускі фільм, які выйшаў у пракат, і другі, што Белдзяржкіно запусціла ў вытворчасць, — кажа кінакрытык Ірэна Кацяловіч, адна з арганізатарак фестывалю. — Гэта абсалютна перадавая для свайго часу стужка, у тым ліку ў кантэксце жаночай эмансіпацыі, і яна заслугоўвае перагляду, нягледзячы на тое, што савецкія кінакрытыкі ахрысцілі яе «другараднай». У пракаце Прастытутка акупілася на 217%, у той час як Кастрычнік Эйзенштэйна — толькі на 19%. Гледачы тады ахвотней рэагавалі на фільмы пра актуальныя сацыяльныя праблемы і, магчыма, чакалі эратычных сцэн.



