За лёсам польскага голуба Гжэгажа зараз сочаць некалькі тысяч беларусаў. Два месяцы таму ён вырашыў пасяліцца на балконе варшаўскай кватэры, дзе жыве беларуская сям’я. Гаспадыня Воля не хацела такога суседства і вырашыла весці барацьбу з птушкай пры дапамозе незвычайных арт-акцый. Усё гэта беларуска выкладала ў свае сацыяльныя сеткі. Знаёмыя ды сябры пачалі дзяліцца парадамі, расказвалі свае гісторыі, а некаторыя нават рабілі стаўкі, хто пераможа ў гэтай барацьбе — птушка ці гаспадыня кватэры.
Чаму ў барацьбе не дапамаглі ні яскравыя анучы, ні люстэрка з фольгі, ні нават кардонная зграя, Воля расказала MOST.
«Сядзіць і лыпае вачыма на мяне»
Воля жыве ў Варшаве ўжо чацвёрты год. Беларуска працуе арт-менеджарам у буйной міжнароднай кампаніі і кіруe арт-дэпартаментам.
Два месяцы таму на балконе яе варшаўскай кватэры з’явіўся голуб. Спачатку беларуска не заўважала яго, а толькі чула ранішнія спевы.
— Спачатку нам нават падабалася гэта, бо думаеш: «Птушкі ж шчабечуць, гэта прыемна». Але я нават дакладна не ведала, голуб гэта ці не. Аднойчы я адкрыла фіранку і ўбачыла, што ён сядзіць і лыпае вачыма на мяне. Аказалася, гэта не звычайны гарадскі голуб, а так званы лясны голуб — іх яшчэ называюць буднікамі або вехірамі.
Воля нават пачытала некалькі артыкулаў для пачынаючых арнітолагаў, каб даведацца пра такіх птушак.
У адрозненне ад гарадскіх, якія лётаюць зграямі, гэтыя — трымаюцца парамі, пазбягаюць людзей, жывуць каля лясоў.
— Але мы жывём побач з паркам, дык ён, відаць, палічыў наш гаўбец добрай лакацыяй.
Спачатку беларуска нават узрадавалася такому суседству, але хутка адкрыла для сябе цэлы сусвет гісторый пра суседства з птушкамі.

«Барацьба — да першага яйка!»
Высветлілася, што гэта не такая ўжо і рамантычная справа, прызнаецца Воля.
— Сябры і знаёмыя — і з Беларусі, і ўжо тут, у Польшчы — расказалі мне шмат гісторый. І большасць з іх прыйшла да аднаго і таго ж вердыкту — ад такога суседства лепш пазбаўляцца, бо галубы — гэта і антысанітарыя, і бруд, і пастаянны беспарадак, а потым вельмі цяжка прывесці гаўбец у парадак.
У Польшчы, дадае суразмоўца, карміць галубоў на балконах забаронена. Іх нельга прывабліваць, нельга пакідаць ежу, бо гэта вядзе да антысанітарнага стану і можа выклікаць праблемы з адміністрацыяй дома. Да таго ж, паводле лакальнага заканадаўства, калі птушка зробіць гняздо, а пасля выведзе птушанят — будзе позна.
— Тады ўжо закон будзе абараняць птушыную сям’ю і выганяць іх будзе нельга. Прыйдзецца чакаць паўтара месяца, пакуль птушаняты не падрастуць і не вылецяць самастойна. Тады я сказала сама сабе: «Барацьба — да першага яйка!» Бо калі ўжо яно з’явіцца — усё, мы з імі на паўтара месяца разам.

Анучкі атрутнага колеру не спрацавалі
Воля кажа, што вельмі любіць птушак і гнаць іх жорстка лічыць няправільным. Таму і абрала для сябе іншы шлях — мяккі, крэатыўны і негвалтоўны.
— Мая мэта — не выганяць, а натхніць іх застацца ў межах парку, дзе ім будзе лепш. Няхай голуб залятае ў госці, глядзіць — але не селіцца, — тлумачыць Воля.
Так пачалася яе крэатыўная барацьба.
— У Варшаве пераважаюць шэрыя і белыя дамы, усё даволі манахромна. І наш голуб таксама ў чорна-белай палітры, таму я падумала: чаму б не выкарыстаць колер? Я ўзяла анучкі кухонныя — салатавыя і аранжавыя, — такія яркія, што ажно атрутныя па колеры, і паклала іх на балкон. Думала, што так яго выганю.
Гжэгажа не было тры дні. І Воля ўжо пачала радавацца перамозе. А потым аднойчы адкрыла фіранку і пабачыла, як голуб сядзіць на гэтых анучках і спакойна іх выкарыстоўвае.
— Яму нават было зручна, і падавалася, што ён гняздо збірае з гэтых мяккіх тканін. У той момант я не думала, што гэта ператворыцца ў серыял, але вырашыла працягнуць барацьбу далей. І нават дала голубу імя — Гжэгаж.

Расставіла кветкі ў вазонах
Тады Воля вырашыла ў тым месцы, дзе сядзіць голуб, паставіць шмат кветак у вазонах.
Ідэя была, каб птушцы проста не было куды прысесці, не было дзе хавацца.
Гжэгажа зноў не было тры дні. А потым беларуска пабачыла смешную карціну.
— Ён з усёй сваёй пухлінай і далікатнасцю ўціскаецца ў гаршчок з кветкай. Вось тут мае кветкі ўжо не спрацавалі!
«Мне трапіўся голуб-нарцыс»
Воля прыбрала кветкі і падключыла да справы сваю сям’ю з Палесся. Беларуска кажа, што ў тых мясцінах ёсць культ птушкі. Яе лічаць мастком паміж сучаснымі людзьмі і продкамі, таму там іх паважаюць і берагуць.
Родныя з Палесся параілі Воле фольгу, бо яна — як люстэрка, птушкі яе не любяць. Дзяўчына аформіла сваё балконнае месца фольгай. Але крэатыўны метад не спрацаваў і на гэты раз.
— Я нават жартавала, што, магчыма, мне трапіўся нарцыс — бо голубу так спадабалася адлюстраванне ў люстэрку, што ён пачаў там праводзіць шмат часу.
«Гжэгаж, навошта ты прывёў паненку?»
Тым часам Гжэгаж пачаў будаваць сваё гняздо і нават прывёў у госці галубку.
— Спачатку гэта была проста куча галінак. Я нават жартавала: «Гжэгаж, навошта ты прывёў паненку на будаўніцтва нейкага недабудаванага дома?» Я і не ведала дакладна, што яны задумалі, але назірала, як яны цягаюць галінкі.
Тады гаспадарцы кватэры прыйшла ідэя зрабіць арт-інсталяцыю. Для гэтага яна раздрукавала і вырабіла кардонныя фігуркі галубоў. Лясныя галубы не жывуць у зграях, а толькі парамі, і Воля палічыла, што, калі яна расставіць несапраўдных птушак на балконе, здалёк Гжэгаж падумае, што месца занята, і не прыляціць туды.
— Знайшла ў інтэрнэце найбольш грозна выглядаючых прадстаўнікоў гэтага віду ў натуральны памер. Размясціла іх усюды. Праз тры дні я зноў святкавала маленькую перамогу: голуб не з’яўляўся тут — ён бачыў сваіх і не падыходзіў, думала я тады. Але не, яны, відаць, назіралі некалькі дзён, а потым — шлёп! — і прыляцелі зноў. Сядзелі там пад гэтымі папяровымі фігуркамі нібыта проста жывуць побач.

Тады Воля зрабіла вялікую інсталяцыю: каля гнязда развесіла шмат папяровых галубоў у розных ракурсах, у натуральны памер — каб стварыць уражанне, што тут ужо цэлая зграя.
— Я нават зрабіла надпісы на розных мовах — па-польску, па-англійску, па-беларуску, маўляў, тут занята.
Птушак традыцыйна не было тры дні, а потым, як кажа Воля, яны зрабілі сваю «арт-акцыю»: прыляцелі і працягнулі будаваць сваё жыллё, нягледзячы ні на што.

Перамогу атрымала сарока?
Раптам у гэтай гісторыі з’явілася трэцяя сіла — сарокі.
— Аднойчы раніцай, калі фіранкі былі зачыненыя, я пачула птушыны крык. Выбегла на гаўбец — пабачыла толькі пёры… У нас побач на дрэве жывуць сарокі, і вось яны проста напалі на Гжэгажа, надавалі яму кухталёў. Я нават не бачыла, як ён ногі цягнуў адтуль. Я толькі паспела зняць відэа, як пёры ягоныя ляжалі ўнізе.
Воля кажа, што гэта быў драматычны паварот у гісторыі. Здавалася ўжо, што тут перамогу атрымаў не Гжэгаж, не гаспадарка кватэры, а звычайная сарока.
— На трэці ці чацвёрты дзень прыляцела ягоная напарніца — каханка клікала яго назад. Мы назіралі, спачувалі, і ўжо не выганялі яе. А потым ужо на пяты ці сёмы дзень пераможна з’явіўся Гжэгаж. Ён нават набыў новую адметнасць — цяпер мы называем яго панкам, бо ў яго на галаве ў той перыяд тырчаў такі іракез. Выглядае дзелавіта, і зараз яго можна пазнаць у парку сярод іншых галубоў.
Барацьбу працягнула котка Шыпшына
На гэтым барацьбу Воля не спыніла. Удзельніцай наступнай акцыі супраць птушкі стала котка Шыпшына, якая жыве ў сям’і.
— Я раздрукавала шмат фігурак з выявай Шыпшыны. І да іх дадала вясёлыя слоганы: «Абдыму да страты прытомнасці!» альбо «Заліжу да апошняга пяра» — вось такія пагрозы ад нашай кошкі ляцяць галубам. Я размясціла гэта ўсё вакол — на сценах і месцах, дзе галубы любілі сядзець. Цяпер чакаю — ці будзе адказ? Ці стане гэта маім пераможным крокам?

Беларуска ўжо жартуе: усе пары ўжо аселі, збудавалі гнёзды ў парку, у некаторых з’явіліся нават малышы.
— А яны нібы «змагары-птушкі»: яшчэ лятаюць і лятаюць, як сапраўдныя птушыныя актывісты, якія змагаюцца за сваё месца пад сонцам.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



