25 сакавіка беларусы святкуюць Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта неафіцыйнае, але важнае свята для беларускай дыяспары за мяжой, у тым ліку для тых, хто вымушана пакінуў радзіму. У Польшчы, асабліва ў Беластоку, напярэдадні гэтага дня пройдуць мітынгі, канцэрты і культурныя імпрэзы. MOST пагаварыў з Янам Абадоўскім, лідарам беларускай дыяспары ў Беластоку, пра тое, як сёння выглядае актыўнасць беларусаў у горадзе і чаму, нягледзячы на пагрозы рэпрэсій і крымінальныя справы на радзіме, яны працягваюць выходзіць на вуліцы.
Дыяспара змяніла фармат дзейнасці
У апошнія пяць гадоў Беласток стаў адным з цэнтраў беларускай эміграцыі. Па неафіцыйных дадзеных, тут жыве каля 12 тыс. беларусаў, большасць з якіх прыехала пасля падзей 2020 года. Але калі пяць гадоў таму на вуліцы Беластока выходзілі тысячы беларусаў, то сёння на вулічных пратэстах можна пабачыць да 100 чалавек. Ян Абадоўскі кажа, што актыўнасць беларусаў перайшла ў іншае рэчышча дзякуючы такім ініцыятывам, як хаб «Новая зямля», фонд «Тутака» і іншым.
— Наша актыўнасць сёння не толькі на вуліцы. І калі раней мы маглі выходзіць на акцыі кожны тыдзень, то цяпер збіраемся раз у месяц, але робім гэта больш арганізавана. Апошняя акцыя 24 лютага ў цэнтры Беластока, прысвечаная гадавіне поўнамаштабнай вайны ва Украіне, сабрала шмат людзей і была арганізавана разам з гарадскімі ўладамі. Далучылася і ўкраінская дыяспара.
За акцыі ў Польшчы ўзбуджаюць крымінальныя справы ў Беларусі
Ян адзначае, што беларускія ўлады адсочваюць дзейнасць дыяспары. Толькі пасля мінулага Дня Волі Следчы камітэт Беларусі ўзбудзіў больш за 100 крымінальных спраў супраць беларусаў, якія выходзілі на акцыі пратэсту ў Польшчы.
— Яны спрабуюць зрабіць нас экстрэмістамі і тэрарыстамі, запалохваюць і судзяць завочна. Але ўсё роўна беларусы пратэстуюць, бо разумеюць, што калі мы гэта не зробім, то ніхто не зробіць.
На ўсе акцыі ў Беластоку дыяспара атрымлівае дазвол ад гарадскіх уладаў. Больш за тое, польскі бок падтрымлівае некаторыя акцыі, забяспечвае гукавое абсталяванне ці месца для мерапрыемстваў.
— Гэта важна, калі польскія ўлады падтрымліваюць нас і выказваюць салідарнасць з беларусамі. Таму што ўсяго ў 50 кіламетрах ад Беластока людзі трапляюць за краты за падпіску на незалежныя медыя і за лайкі і каментарыі ў сацсетках.
«Нам няма чаго дзяліць»
У апошнія пяць гадоў з-за масавай міграцыі беларусаў жыццё дыяспары на Падляшшы перайшло на новы ўзровень. Цяпер беларусы, якія прыехалі пасля 2020 года, і беларуская меншасць супрацоўнічаюць, арганізуюць вялікія фестывалі, культурныя імпрэзы і спрабуюць падтрымліваць адно аднаго.
— Нам няма чаго дзяліць. Адны беларусы нарадзіліся тут, а іншыя былі вымушаны пераехаць. Але ў нас адна краіна, у якую мы не можам паехаць, пакуль там кіруе Лукашэнка. Таму трэба не маўчаць, ціснуць праз незалежныя медыя, міжнародныя арганізацыі і польскую грамадскасць.
Паводле Яна, шмат хто баіцца санкцый, канфіскацыі маёмасці і рэпрэсій. Але, калі беларусы не будуць выходзіць і паказваць сваю прысутнасць, у Беларусі людзі будуць працягваць сядзець у турмах гадамі.
Адны за санкцыі, іншыя — за вяртанне гандлю
Ян не скрывае, што людзі ў дыяспары розныя. Адны выступаюць за санкцыі супраць Беларусі і за закрыццё мяжы, каб ізаляваць рэжым Лукашэнкі, іншыя кажуць, што Падляшша — гэта той рэгіён, які больш за ўсіх у Польшчы гандляваў з Беларуссю па розных напрамках. І для Беластока, і для жыхароў горада было б добра, каб супрацоўніцтва вярнулася, як гэты было да 2020 года.
— З аднаго боку, мы павінны падтрымліваць санкцыі і не даваць магчымасці Беларусі і Расіі гандляваць. Але з іншага боку, трэба даць звычайным беларусам магчымасць выязджаць у Еўропу. Межы не могуць быць цалкам зачыненыя.
«Ніхто не асудзіць тых, хто падпісаў штосьці пад катаваннямі»
Беласток за апошнія гады стаў домам для многіх былых палітзняволеных з Беларусі. Дыяспара адыгрывае важную ролю ў працэсе адаптацыі і служыць пасрэднікам паміж былымі палітвязнямі і міжнароднымі арганізацыямі, якія ім дапамагаюць.
— Мы дапамагаем і самі, бо людзі прыязджаць амаль без нічога. Дапамагаем тым, каго трэба тэрмінова эвакуіраваць з Беларусі. Таксама тых беларусаў, якія прыязджаюць і маюць патрэбу, мы накiроўваем у арганізацыі, якія займаюцца дапамогай палітычным уцекачам. Але дыяспара не прымае рашэнняў — мы толькі пасрэднікі, бо ўсіх, хто да нас звяртаецца, трэба верыфікаваць. Мы ж разумеем, што беларускія спецслужбы актыўна сочаць за дыяспарамі і спрабуюць высветліць, хто чым займаецца.
Ян адзначае, што ёсць палітвязні, якім у турме прапаноўвалі супрацоўнічаць з КДБ. І калі такія людзі прыязджаюць у Польшчу, ім лепш адкрыта казаць пра гэта.
— Калі чалавек пад прымусам падпісаў згоду на супрацоўніцтва, ён павінен не хаваць гэтага. Бо ў Польшчы спецслужбы ўсё роўна даведаюцца, і тады ўжо можа пайсці артыкул за шпіянаж. Ніхто не асудзіць тых, хто падпісаў штосьці пад катаваннямі. Але важна, каб гэтыя людзі адкрыта прызнавалі сваю сітуацыю.
Ці гатовы беларусы падтрымліваць незалежныя медыя?
Апошнія месяцы незалежныя беларускія медыя ў эміграцыі апынуліся ў складанай сітуацыі: многія страцілі асноўныя крыніцы фінансавання з-за палітычнай сітуацыі ў ЗША.
— Ведаю, што пакуль беларусы не вельмі актыўна падтрымліваюць свае медыя, але працэс ужо пачаўся. Ёсць першыя станоўчыя прыклады. Напрыклад, беларусы Польшчы пачалі ахвяраваць 1,5% падаткаў на арганізацыі, якія ім блізкія. Гэта нічога не каштуе чалавеку, бо ён і так запаўняе дэкларацыю, і лепш свядома падтрымаць беларускія ініцыятывы, чым аддаць гэтыя грошы аўтаматычна.
Ян лічыць, што беларусы павінны самі падтрымліваць свае арганізацыі і медыя ў эміграцыі, а не толькі спадзявацца на міжнародныя гранты.
— Калі мы хочам, каб беларускія медыя развіваліся, пісалі больш якасных артыкулаў і мелі рэсурсы, трэба падтрымліваць іх фінансава, нават невялікімі сумамі. Гэта можа быць сума, эквівалентная кошту кубачка кавы, але такія ўнёскі могуць забяспечыць стабільную працу журналістаў і рэдакцый.
«Польскі бізнес зацікаўлены ў супрацоўніцтве»
Беларускі бізнес у Польшчы актыўна развіваецца. Але Ян адзначае, што тыя, хто мае сувязі з Беларуссю, асцерагаюцца супрацоўнічаць з незалежнымі ініцыятывамі, каб не патрапіць пад ціск уладаў.
— А ёсць беларускія кампаніі, якія цалкам абарвалі сувязі з Беларуссю. Ёсць бізнес-асацыяцыі, і трэба больш актыўна працаваць з імі. Таксама польскі бізнес зацікаўлены ў супрацоўніцтве з беларусамі, асабліва ў Беластоку, бо тут традыцыйна адбываўся гандаль паміж дзвюма краінамі.
Абадоўскі ўпэўнены, што раней ці пазней беларуска-польская мяжа адкрыецца, і тады гандаль і эканамічнае супрацоўніцтва адновяцца.
— Усе разумеюць, што сённяшняя сітуацыя не назаўсёды. Палякі глядзяць наперад і падтрымліваюць беларусаў, бо разумеюць, што ў будучыні Беларусь можа стаць іх стратэгічным партнёрам. І таму так важна, каб беларусы захоўвалі сваю актыўнасць, падтрымлівалі свае медыя, арганізацыі і не гублялі сваю супольнасць. У нас усё наперадзе.
Што запланавана ў Беластоку 23-26 сакавіка 2025 года
23 сакавіка, нядзеля
Боская літургія і малебен за беларускі народ
10:00, Царква Святога апостала Іаана Багаслова, ul. Zbigniewa Herberta 1.
Прэм’ера спектакля WICIA з нагоды 100-годдзя з Дня нараджэння беларускага паэта Віктара Шведа
14:00, камерны зал Падляшскай оперы і філармоніі, ul. Odeska 1. Квіткі ў касе Оперы, ul. Odeska 1.
Мітынг-канцэрт з нагоды Дня Волі
На ім выступіць Гістарычны клуб рэканструкцыі Invictus 1863 і культавы беларускі рок-музыка Лявон Вольскі. Вядучая — Кацярына Ваданосава.
15:30, plac przy restauracji Żubrowisko, ul.Rynek Kosciuszki 10.
25 сакавіка, аўторак
Сімвалічны забег, прысвечаны Дню Волі
Удзел у забегу бясплатны, ёсць ліміт — 50 чалавек. Да ўдзелу дапускаюцца паўналетнія. Усе фінішоры атрымаюць памятны медаль. У забегу прадстаўленыя дзве дыстанцыі: 1,5 км і 5 км. Жадаючыя могуць прайсці трасу пешшу. Каб зарэгістравацца на забег, трэба запоўніць форму. Апошні дзень рэгістрацыі — 20 сакавіка.
16:30, парк Konstytucji 3 Maja.
Урачысты канцэрт з нагоды святкавання Дня абвяшчэння незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 года «Беларускія маршы і гімны. Лірыка змагання» ў выкананні Міжнароднага мужчынскага хору «УНІЯ» з Вільні.
Бясплатныя ўваходныя квіткі даступныя на [email protected] і ў Цэнтры беларускай культуры, ul. Kilińskiego 16/207, пн-пт 9:00-15:00.
18:30, Канцэртны зал Комплексу музычных школ, ul.Podleśna 2.
26 сакавіка, серада
Kанцэрт гурта NaviBand
Гэта выраз салідарнасці з беларускім народам, а таксама падзяка жыхарам, грамадскім арганізацыям і ўладам горада Беласток за адкрытасць і падтрымку.
18:00, Klub Muzyczny Sześcian, ul. Warszawska 34.