Беларуска Алена (імя змененае), пераехаўшы ў Польшчу, вырашыла адшукаць сляды сваёй бабулі Марыі, з якой сям’я даўно згубіла сувязь. Яе пошукі пачаліся з архіваў і старых сямейных гісторый. Яна даведалася, што Марыя пераехала ў Беласток у канцы 1950-х гадоў, але далей інфармацыя абрывалася.
MOST раней пісаў пра пошукі Алены. Яна шукала звесткі пра бабулю па архівах, звярталася ў Чырвоны крыж, знайшла магілу іншага сваяка і стала пакідаць на ёй запіскі для родных, якія даглядаюць пахаванне. Яна спадзявалася, што яны выйдуць на сувязь і раскажуць пра бабулю.
Нягледзячы на ўсе намаганні беларускі, знайсці бабуліну магілу доўгі час было немагчыма. Ніхто з дальніх сваякоў не адгукнуўся. А той інфармацыі, якую давалі мясцовыя ўстановы, было недастаткова. І вось нарэшце гэтая гісторыя атрымала працяг.
— Я вырашыла яшчэ раз перагледзець усе дакументы, якія мне прыйшлі з ужонду (дзяржоргана. — Заўв. MOST). І ў гэтым дакуменце я звярнула ўвагу на два моманты. Першае — тое, што там было напісана месца яе нараджэння, дата і год. Я напісала ў архіў ва Украіне з запытам, каб знайсці акт яе нараджэння. Яны адказалі, што не знайшлі ніякай інфармацыі, каб пацвердзіць, што мая бабуля нарадзілася ў Падольску ва Украіне. Па-другое, я звярнула ўвагу на адрас у Беластоку. Ён быў пазначаны як адрас апошняга замельдавання (прапіскі. — Заўв. MOST) мужа маёй бабулі.
Алена доўга вагалася, перш чым наведаць адрас у Беластоку.
— Гэта было складана. Я баялася прыйсці да незнаёмых людзей і пытацца пра маю сям’ю. А што калі і гэта зноў не дасць вынікаў? Але пераадолела свае страхі і пайшла па гэтым адрасе, — згадвае беларуска.
Дакументы знайшліся ў падвале
Пасля некалькіх званкоў у дамафон ёй адчыніў дзверы пажылы мужчына. Алена патлумачыла, што шукае свае польскія карані. Высветлілася, што гэта муж яе цёці, якога яна ніколі раней не бачыла. Мужчына спачатку прыняў яе з насцярогай, але пасля размовы яны абмяняліся кантактамі і дамовіліся сустрэцца пазней.
Праз некалькі дзён мужчына запрасіў на сустрэчу свайго сына, і Алена ўпершыню пабачыла свайго дваюраднага брата. Беларуска запытала, ці бачылі яны лісты, якія яна пакідала на могілках у пошуках інфармацыі. Муж яе цёці прызнаўся, што сапраўды бачыў іх, але не быў упэўнены, што яны ад сапраўднага сваяка.
— Я патлумачыла: адзінае, што мне патрэбна, — гэта падказаць, дзе пахаваная мая бабуля. Высветлілася, што на могілках недалёка ад Кнышынаў, дзе яны жылі ў апошні час. Справа ў тым, што яна памерла ў шпіталі, і было вырашана пахаваць яе на могілках, якія былі недалёка ад яго. Мы дамовіліся, што ў бліжэйшую нядзелю мяне туды завязуць.
Магіла бабулі аказалася ў занядбаным стане: без таблічкі, без прозвішча, нават кусты раслі проста на месцы пахавання, згадвае Алёна.
— Калі мы шукалі месца захавання бабулі, мы бачылі і звярталі ўвагу на такія вось магілы. І я проста баялася, што яна будзе выглядаць менавіта так.
Праз некаторы час муж цёці знайшоў у падвале дакументы, сярод якіх была карта рэпатрыяцыі бабулі.

— Атрымаўшы гэтыя дакументы, я вырашыла звярнуцца ва ўжонд, каб даведацца, ці магу я прэтэндаваць на сталы побыт у Польшчы. Аднак мне адмовілі. Чыноўнікі патлумачылі, што магчымасць падачы заяў на падставе карт рэпатрыяцыі дзейнічала толькі да 2017 года.
З яшчэ адных дакументаў, якія дамапог знайсці знаёмы Алены, вынікала, што яе бабуля нарадзілася ва Украіне, але не ў Падольску, як меркавалася раней, а ў Крамянцы. Яе бацькі былі родам з Віленскай губерні. Гэта падштурхнула Алену звярнуцца ў архівы Літвы і Украіны, каб знайсці афіцыйныя доказы польскага паходжання бабулі.
На сёння пошукі працягваюцца. Алена чакае адказаў з архіваў і спадзяецца даведацца больш пра жыццё сваёй бабулі, а таксама пра яе шлях з Украіны праз Беларусь у Польшчу.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.