Шэраг беларускіх магіл на праваслаўных могілках Беластока аказаўся пад пагрозай зносу: родных няма, плаціць за месца няма каму. За справу ўзяліся беларускія актывісты: збіраюць грошы на арэнду. Мэта — 2650 еўра. «Будзьма беларусамі» паразмаўляла пра гэта з актывістам і краязнаўцам Аляксеем Трубкіным.
У 1920-40-х у Беластоку віравала беларускае жыццё: арганізацыі, кааператывы, тэатр, суполкі Таварыства беларускай школы (ТБШ). Лёс актывістаў тых гадоў склаўся па-рознаму, але некаторыя пахаваныя тут жа: на праваслаўных могілках парафіі Усіх Святых на ўскрайку горада.
«На каталіцкіх могілках былі прэцэдэнты»
«Гадоў пяць таму ўпершыню ўбачыў на пахаваннях шыльдачкі, маўляў, трэба аплочваць месца, — распавядае актывіст і краязнавец Аляксей Трубкін. — У іншым выпадку — месцы могуць быць аддадзены пад новыя пахаванні. То-бок, старыя — знікнуць. Раней чуў пра падобнае ў Заходняй Еўропе. Ды і ў Беластоку, толькі на каталіцкіх могілках, ужо былі прэцэдэнты».
За некаторыя пахаванні беларускіх актывістаў ніхто не плаціў ужо па пары дзясяткаў гадоў. Родных не засталося: памерлыя былі або апошнімі з роду, або нашчадкі з’ехалі куды падалей. Агулам на тым некропалі, паводле Аляксея, з паўтара дзясятка магіл беларускіх дзеячаў «неаплачаныя» чатыры пахаванні. Яны зараз пад пагрозай.
«Загінула трагічнай смерцю»
Хто тут пахаваны? Напрыклад, сям’я Богушаў. Лявон Богуш у 1927-м стварыў драматычную секцыю пры ТБШ ў Беластоку. Пасля ліквідацыі ТБШ польскімі ўладамі далей займаўся тэатрам, але пад іншай шыльдай: «Кааператыўнае таварыства працаўнікоў беларускага тэатра «Полымя». Нават у часы вайны займаўся культурай, ладзіў пастаноўкі па п’есах Купалы і Аляхновіча.
Побач яго жонка — Зінаіда Богуш. Паводле подпісу, яна «загінула трагічнай смерцю» 15 жніўня 1944 года, праз два тыдні пасля заняцця Беластока савецкімі войскамі… Як і муж, падчас вайны яна працавала ў Беларускім камітэце. Сам Лявон Богуш памёр у 1957 годзе, ці быў рэпрэсаваны — невядома.

Кастусь Кіслы — кампазітар і дырыжор, родам з-пад Слоніма. Займаўся і царкоўнымі, і свецкімі харамі — пры ТБШ. У 1939 годзе арыштаваны НКУС, але ўцёк. Падчас нямецкай акупацыі займаўся культурай пры Беларускім камітэце ў Беластоку. З 1944-га — у эміграцыі, а пасля 1953-га ўзяўся кіраваць Ансамблем беларускай песні ў Лёвэне, у Бельгіі, пасля смерці Міколы Равенскага. Жыў у ЗША, а пад старасць у 1976 годзе вярнуўся ў Польшчу да дачкі. Памёр у Беластоку ў 1980-м. Блізкіх не засталося.

Магіла Мікалая Чарнецкага падпісаная па-беларуску, бо помнік у 1999 годзе аднаўлялі сябры Беларускага гістарычнага таварыства. Мікалай Антонавіч быў сябрам шматлікіх беларускіх арганізацый 1920-х, у тым ліку партыі эсэраў. Сям’я загінула ў бежанстве ў Расіі. У 1920-х вучыўся ў Празе, стаў доктарам філасофіі. Дарэчы, абараніўся на тэму Вайны з Масковіяй 1632-1634 гадоў.
Настаўнічаў у Радашковічах, Клецку, Вільні. У 1939 годзе бальшавікі спачатку прызначылі яго дырэктарам школы ў Крынках (бо не хапала сваіх кадраў), пасля — арыштавалі. Чарнецкі ўцёк з-пад арышту. У часы вайны быў чальцом БНП — Беларускай Незалежніцкай партыі, якая мела на мэце аднаўленне незалежнасці Беларусі. У 1944-м забіты польскім падполлем: быў час вайны «ўсіх супраць усіх».

«Пасля 2020-га ўсё гэта набыло новы сэнс»
Уся сума, патрэбная для захавання магіл, — гэта 2650 еўра. З яе ўжо сабрана больш за траціну (37%).
Што сюды ўваходзіць?
Трэба аплаціць запазычанасць за папярэднія гады, прыкладна па 20 гадоў у кожным выпадку, а яшчэ — зрабіць перадаплату на наступныя 20, да 2045-га. Толькі тады можна быць пэўным, што пахаванні не знікнуць. Падрабязныя разлікі і рэквізіты ёсць у тэлеграме ініцыятывы.
«Збор будзе трываць да 25 сакавіка, — працягвае Аляксей. — Пасля гэтай даты сродкі будуць пераказаныя адміністрацыі могілак. Нават калі не хопіць, будзем дамаўляцца… Не хочацца губляць памятныя месцы. Бо акурат так, мяркую, знікла магіла Івана Луцкевіча, пахаванага ў 1919-м у Закапанэ. Не было каму даглядаць, а магіла перастала існаваць: яе спрабавалі знайсці — безвынікова».
Захаванне магіл, якія знаходзяцца пад пагрозай, — яшчэ не ўсё. Сябры ініцыятывы плануюць вывучаць і папулярызаваць памяць пра магілы беларускіх дзеячаў у Беластоку. Праз экскурсіі на Дзяды ці выданне адмысловага буклета з кароткімі біяграфіямі, фота і геаграфіяй пахаванняў.
«Пасля 2020-га ўсё гэта набыло новы сэнс. Людзі, якія не могуць наведаць сваіх родных на могілках у Беларусі, могуць прыйсці на Дзяды ці Радаўніцу да беларусаў тут. Ушанаваць людзей, справу якіх мы працягваем. Таксама гэта гістарычны падмурак і напамін пра тое, што мы тут — у Беластоку — не зусім чужыя. Для нас, беларусаў, будзе вялікай ганьбай, калі гэтыя могілкі знікнуць», — упэўнены Аляксей Трубкін.
Ён дадае, што ў нармальнай сітуацыі могілкамі мела б заняцца беларуская амбасада ці консульства, але гэтыя ўстановы «беларускія адно па назве». Таму ўся адказнасць зараз на беларускай дыяспары і прыватнай ініцыятыве.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.