Cпаўняецца 85 гадоў з пачатку масавых дэпартацый насельніцтва Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і Падляшша ўглыб СССР. Ноччу з 9 на 10 лютага 1940 года савецкія спецслужбы пачалі гвалтоўна вывозіць людзей у Сібір і Казахстан. Ахвярамі сталі сем’і вайскоўцаў, чыноўнікаў, чыгуначнікаў і іншых «небяспечных элементаў».
Дэпартацыі ажыццяўляліся адміністрацыйна, то-бок без суда. Уначы супрацоўнікі НКВД прыходзілі да тых асоб, каго мусілі дэпартаваць, і аб’яўлялі, што яны павінны сабрацца і ехаць з імі на чыгуначную станцыю, дзе ўжо стаялі загадзя падрыхтаваныя таварныя вагоны. Вывозілі ў асноўным сем’і вайскоўцаў, чыноўнікаў, чыгуначнікаў, леснікоў і асаднікаў. Таксама пад яе трапілі заможныя сяляне і прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, духавенства. Дэпартацыі падлягала ўся сям’я, у тым ліку малыя дзеці.
Маёмасць дэпартаваных канфіскоўвалася. Людзям даваліся лічаныя гадзіны на зборы, дазвалялася браць з сабой толькі мінімум асабістых рэчаў. Перавозка сасланых адбывалася пад канвоем у вагонах для быдла. Спецаперацыя прыпала на дні, калі стаялі саракаградусныя маразы, але гэта не стрымала НКВД. У выніку многія людзі, у тым ліку дзеці, загінулі ад холаду яшчэ ў дарозе.
На месцы высылкі дэпартаваныя сутыкаліся з цяжкімі ўмовамі: найчасцей іх сялілі ў бараках і зямлянках, прымушалі працаваць на нарыхтоўцы лесу.
Лічыцца, што падчас першай дэпартацыі з занятай саветамі ўсходняй часткі Польшчы былі вывезеныя каля 140 тыс. чалавек. Пазней былі яшчэ тры хвалі дэпартацыі — у красавіку і чэрвені 1940 года і ў чэрвені 1941 года. Пасля пачатку нямецка-савецкай вайны многія з дэпартаваных мужчын уступілі ў армію Андэрса — польскія вайсковыя фармаванні, якія ствараліся на тэрыторыі СССР. Пасля заканчэння ІІ Сусветнай вайны большасць тых, хто выжыў, выехалі з СССР у Польшчу. Тыя, хто паходзіў з Гродна і Брэста, ніколі не вярнуліся ў родныя мясціны.
Памяці людзей, якія перажылі тыя дэпартацыі, прысвечаны адкрыты ў верасні 2021 года ў Беластоку Музей Памяці Сібіры (Muzeum Pamięci Sybiru, ul. Węglowa, 1). Ён створаны на месцы грузавой рампы, з якой у 1940 і 1941 гадах адпраўлялі цягнікі з ссыльнымі. Гэты музей мае сучасную экспазіцыю і абсталяваны мультымедыйнымі сродкамі. У ім можна замовіць аўдыёгід на беларускай мове.
Таксама штогод у Беластоку праходзіць Bieg Pamięci Sybiru. Сёлета 8 лютага ў такім забегу прыняло ўдзел больш за тысячу чалавек.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.