У некалькіх гарадах Польшчы 26 студзеня, у дзень несумленных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, эмігранты правялі вулічныя акцыі.
У Варшаве акцыя прайшла пад лозунгам «Не мой выбар». Удзельнікі прайшлі шэсцем з плошчы Трох крыжоў праз Кракаўскае прадмесце да Замкавай плошчы, несучы 250-метровы бел-чырвона-белы сцяг. Акрамя беларускай сімволікі, людзі неслі сцягі Украіны, плакаты з рэзкай крытыкай Лукашэнкі, партрэты палітвязняў і нават самаробнае пудзіла, якое прадстаўляла Лукашэнку. Перад Замкам удзельнікі разгарнулі расцяжку Stop Luka and bloody dictatorship («Спыніце Луку і крывавую дыктатуру»).

Пратэстоўцы скандавалі лозунгі пра «бязвыбары», палітвязняў і страту незалежнасці Беларусі.
У галаве шэсця ішлі дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская, яе намеснік Павел Латушка і старшыня Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава. На плошчы каля помніка Мікалаю Каперніку адбыўся кароткі мітынг. Удзельнікі ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых добраахвотнікаў і палітвязняў.
А 14 гадзіне ў Варшаве пачаўся форум «Беларусы годныя лепшага», на якім выступілі беларускія палітыкі, эксперты і музыкі. Мерапрыемства трансліравалася ў інтэрнэце. Падчас форума Святлана Ціханоўская нагадала пра патрэбу далей трымаць Беларусь у сусветным парадку дня.
«У свеце адбываецца шмат падзеяў, і як бы нам ні хацелася, свет не можа факусавацца толькі на Беларусі. Але сваімі дзеяннямі, сваёй працай, сваёй энергіяй мы павінны вяртаць сябе ў парадак дня. Каб Беларусь была цікавая іншым, яна павінна перш за ўсё цікавіць нас саміх. Нам ёсць што расказаць. Нам ёсць што паказаць. Нам ёсць чым ганарыцца», — сказала Святлана Ціханоўская.
У Беластоку беларусы разам з украінцамі правялі акцыю памяці ў гонар людзей, якія загінулі за свабоду Беларусі і Украіны. Мерапрыемства прайшло ў скверы Вольнай Беларусі, побач з беларускім консульствам.
Таксама акцыі прайшлі ў Гданьску, Уроцлаве, Шчэціне і Быдгашчы.
У Варшаве на акцыю прыйшлі сотні людзей, у іншых гарадах — дзясяткі. Адносная малалікасць магла быць выкліканая пагрозамі з боку беларускіх сілавікоў. Следчы Камітэт заяўляў, што будзе заводзіць завочныя крымінальныя справы на тых, хто за мяжой будзе пратэставаць супраць выбараў. Пагрозы ўдзельнікам пратэстаў і іх сваякам у Беларусі паўтарыў на прэс-канферэнцыі 26 студзеня і Аляксандр Лукашэнка.
«Мы намякнулі, што іх сваякі, бацькі, родныя, блізкія жывуць тут. Вы проста падставіце сваіх людзей. А з вамі мы разбяромся», — пагражаў палітык.
Беларуская ЦВК аддала яму 86,82%. Шэраг заходніх краін і міжнародных арганізацый заявілі, што не прызнаюць вынікі выбараў.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.