Лідар гурта Sumarok, журналіст Ігар Палынскі ў калонцы для MOST піша пра свае адчуванні пасля валанцёрскай паездкі на польска-ўкраінскую мяжу.
Чаму паехаў на мяжу
Я вырашыў ехаць на мяжу ў суботу, тыдзень таму. Тады ўжо ў Польшчы развярнулася маштабная валанцёрская дапамога ўцекачам з Украіны, Ціханоўская сказала, што ўкраінцы ніколі не зразумеюць маўчанне беларусаў, у Беластоку прайшла буйная антываенная акцыя. А ўкраінскія гарады працягвалі цярпець ад пуцінскіх снарадаў.
Мне здалося, што ў тыя дні магу быць больш карысным там, дзе людзям вельмі патрэбна дапамога. Даведаўшыся, што збіраюся ехаць, хлопцы з беластоцкай «Піўной даліны» ў багажнік маёй «Панды» загрузілі некалькі пакункаў бутэлек з вадой, пакеты з ежай, сродкамі гігіены; сам таксама набыў вады і сокі для дзяцей — у валанцёрскіх чатах пісалі, што гэта ўсё патрэбна на мяжы. Некалькі сяброў прапанавалі заданаціць крыху на паліва.
Раніцай у нядзелю рушыў у бок Медыкі — там самы загружаны ўкраінска-польскі памежны пераход, праз які спрабавалі пакінуць Украіну ўцекачы. Машынамі, аўтобусамі, пешшу.
Па дарозе ўвесь час слухаў польскія радыёстанцыі. Тэма вайны ва Украіне — на ўсіх хвалях. Вядучы адной з праграм сказаў: «Адбываецца тое, пра што мы чыталі ў кнігах і падручніках па гісторыі, але спадзяваліся ніколі не пабачыць на ўласныя вочы».
Пуцін не роўна Расія, Лукашэнка не роўна Беларусь
Накрываць мяне пачало кіламетраў за сто да фінішнай кропкі. Сказаліся, напэўна, і чатыры дні без нармальнага сну, і агульны эмацыянальны стан.
Летась я месяц пражыў у цудоўным Кіеве, калі мусіў з’ехаць з Беларусі і чакаў на польскую візу — калі распавядаў пасля пра гэта ўкраінцам, яны заплюшчвалі вочы і казалі: цяпер гэта зусім не той Кіеў.
Нейкім чынам давёў машыну да паркоўкі недалёка ад Пшэмысля, аднаго з найбліжэйшых гарадоў да мяжы. Дазволіў сабе проста ў машыне паспаць хвілін пятнаццаць — зрэшты, арганізм асабліва не пытаўся: усё, статычная выява перад вачыма — заплюшчвайцеся, даражэнькія. Стала зразумела, што менавіта сёння валанцёр з мяне ніякі.

Стаў шукаць начлег. У Пшэмысле ўсе гасцініцы, хостэлы, арэндныя кватэры былі занятыя. Нагугліў кантакт сядзібы кіламетрах у трыццаці ад горада — гаспадыня запрасіла прыехаць, сказала, што сёння ноччу ў іх яшчэ вольна, «але ужо заўтра»… На месцы пані патлумачыла, што з ёй звязаліся валанцёры з Кракава і папрасілі забраніраваць месца для ўкраінскай сям’і, якая ўжо два дні спрабуе перайсці мяжу ў Медыцы. Па падліках, мусілі трапіць у Польшчу якраз назаўтра.
У той жа чарзе уцекачоў на мяжы — хто ў машынах, хто пешшу — стаялі многія мае сябры і калегі, беларусы, якія ўцяклі ад палітычнага пераследу з Беларусі ва Украіну, а цяпер з’язджалі ад распачатай Пуціным вайны.
Прыкладна ў той момант, за пару хвілін, якія прайшлі ад сустрэчы галавы з падушкай да пераходу свядомасці ў рэжым сну, я зразумеў, што менавіта так называю гэтую вайну: пуцінская. Бачыў, як смелыя людзі ў Расіі выходзілі на антываенныя акцыі. Вы ж сустракалі тое відэа з Піцера, калі сілавікі затрымалі блакадніцу, якая стаяла з плакатам супраць вайны?..
Перакананы: Пуцін не роўна Расія. Гэтаксама як і Лукашэнка не роўна Беларусь. Нягледзячы на неверагодны ўзровень рэпрэсій, у Беларусі таксама выходзілі людзі.
Лагер у Пшэмысле
У валанцёрскіх чатах паведамілі, што мясцовыя службы арганізавалі рэгулярныя бясплатныя аўтобусы для ўцекачоў з Украіны ад Медыкі да Пшэмысля. Звычайны транспарт валанцёраў да самой мяжы паліцыя без вострай патрэбы не прапускала. Таму наступнай раніцай паехаў у Пшэмысль — там на паркоўцы ля крамы Tesco разбілі сапраўдны лагер для ўцекачоў.
Паліцэйскія паказалі, да якога намёту трэба пад’ехаць, каб пакінуць гуманітарку. Валанцёр дапамог разгрузіць машыну, іншыя адразу сартавалі і размяркоўвалі прывезенае. Уразіўся, колькі ўсяго сапраўды патрэбнага ў той момант везлі ў лагер: вопратка, ежа і напоі, цацкі і смачняшкі для дзяцей… Асобны намёт — з электрычнасцю і кабелямі для зарадкі тэлефонаў. Побач — чай і кава. Машыны, аўтобусы, людзі…
Ля месца, куды праз кожныя дваццаць-трыццаць хвілін прыязджалі аўтобусы з мяжы, стаялі людзі з шыльдамі. Варшава, Кракаў, Уроцлаў. Германія. Чэхія. Літва. Бясплатная дапамога з жыллём. Ежа. Стаў побач з шыльдай: «Беласток. Бясплатна».
Прыязджае чарговы аўтобус — і тут як тут валанцёры-лагісты. Яны дапамагалі ўцекачам знайсці транспарт да месца, куды тыя хацелі трапіць, або размясціцца ў лагеры. Вельмі хутка аўтобусы з людзьмі пусцелі і зноў ехалі на мяжу.
…Стомленыя неверагодна. З дзецьмі на руках. У асноўным з невялікім сумкамі — што паспелі сабраць. З болем у вачах. Многія — з абсалютным неразуменнем, што рабіць далей. Але ў бяспецы.

Мае пасажыры знайшліся ў чацвёртым аўтобусе: Беласток — не самы запатрабаваны кірунак. Сям’я — маці, дзве дарослыя дачкі і дзяўчынка гадоў шасці — хацела патрапіць у Хелм, горад у Люблінскім ваяводстве, там іх чакалі сваякі.
«Не магу паверыць, што я ў Польшчы»
Мае пасажыры расказалі, што жылі ў Кіеве. Не адразу вырашыліся з’язджаць. Выпадкова даведаліся пра аўтобус, які мог даставіць да ўкраінска-польскай мяжы пад Львовам. Збіраліся хутка. Мяжу пасля перасякалі пешшу. Ім вельмі пашчасціла: украінскіх памежнікаў прайшлі за дзве гадзіны, польскіх — за гадзіну. Хаця, казалі, былі гатовыя прастаяць там як мінімум суткі.
Старэйшая дачка пэўны час жыла ў Даніі, прыляцела ў Кіеў да сваякоў на колькі дзён. Зваротны білет на самалёт быў замоўлены на пятніцу — а ў чацвер пачалася вайна…
«Не магу паверыць, што я ў Польшчы», — у нейкі момант сказала маці. Яна ніколі не была тут раней. Што будуць рабіць далей — сям’я на той момант яшчэ не вырашыла. «Як думаеце, ці ёсць шанец, што тут з’явіцца дзіцячы садок з украінскай мовай? Я ўсё жыццё працавала выхавацелькай…».
Расказаў ім пра працэс атрымання міжнароднай абароны. Ужо пазней, праз колькі дзён, з’явілася інфармацыя, што польскі ўрад рыхтуе закон, паводле якога ўкраінцы-ўцекачы змогуць атрымаць у Польшчы інтэграцыйную дапамогу і доступ да рынку працы, без працэдуры падачы на абарону.
Шмат разоў дзякавалі за дапамогу. Я спытаў, як яны ўспрымаюць у цяперашняй сітуацыі беларусаў. «Мы сачылі і спачувалі вам, калі быў дваццаты. Вы ж не вінаватыя, што вы голымі рукамі зробіце з Лукашэнкам?»… Да звычайных расіян, сказалі, нянавісці таксама няма — з тае ж прычыны. Пацвердзілі маю тэзу пра тое, што з Украінай ваюе Пуцін. Дзякавалі за салідарнасць тым, хто выходзіць на вуліцы ў Расіі, Беларусі і іншых краінах, пратэстуючы супраць вайны.
І наогул ад суразмоўцаў, палякаў і ўкраінцаў, у той дзень якога-кольвек негатыву ў свой бок, калі казаў, што беларус, — не адчуваў.
У Хелме маіх украінцаў чакалі на вакзале. Абдымаліся і плакалі. Радаваліся, што ў бяспецы. «Што мы вам павінны?» — пыталіся ў мяне. «Ды што вы!». У той момант шкадаваў хіба пра тое, што «Панда» не аўтобус, і не магу развезці ўсіх-усіх, каму гэта патрэбна, у любых кірунках.
«Ура, тут нас не будуць бамбіць!»
У Хелм кожныя некалькі гадзін прыязджаў з Львова эвакуацыйны цягнік. Памежны кантроль — ужо тут, на вакзале. Скрыні з бутэрбродамі, чай і кава, пледы, вопратка — тут валанцёрскія механізмы былі максімальна адладжаныя. Дапамог крыху разгрузіць машыну з ежай, падышоў да дзяўчыны ў камізэльцы з бэйджам «Перакладчык»: «Магу забраць трох-чатырох чалавек у Беласток». — «Зараз спытаю».

Ахвотных не аказалася. Але сказалі, што хутка прыедзе новы цягнік. Папрасілі падысці да паліцэйскіх, каб тыя верыфікавалі маю асобу — такая ў іх працэдура для валанцёраў, хто на ўласным транспарце гатовы быў вазіць уцекачоў. За некалькі хвілін да прыходу цягніка паліцэйскія папрасілі ўсіх, хто непасрэдна не задзейнічаны ў прыёме ўцекачоў, выйсці на вуліцу.
Тых, хто хацеў ехаць у Варшаву, амаль адразу перасаджвалі ў цягнік да польскай сталіцы — усё бясплатна для ўцекачоў. Але ў адрозненне ад Пшэмысля ў той дзень, у Хелме многіх сустракалі сваякі ці знаёмыя. Тады звярнуў увагу, што амаль ніхто не плакаў. Маўклівыя абдымкі, засяроджанасць, стомленасць, злосць — але не слёзы.
І спрэс — жанчыны з дзецьмі, пераважна малымі. Падлеткаў мала. Старых таксама няшмат. Чуў, як жанчына год сарака казала камусьці: «А мама засталася там, сказала, калі прыйдуць — будзе ваяваць».
Вось маці з дачкой. Дзяўчынцы год шэсць. «Мама, а тут не будуць лётаць ракеты?» — «Не. Усё, тут бяспечна».
Недалёка — прыкладна такога ж узросту хлопчык, стаіць з мамай у групе на варшаўскі цягнік: «Ура, тут нас не будуць бамбіць!»…
Божа, як у XXI стагоддзі можна было развязаць вайну? Чаму дзеці ведаюць, што гэта наогул такое?!
«Мы спыталіся — зараз няма ахвотных да Беластока. Але прыйдзе неўзабаве яшчэ адзін цягнік», — сказаў мне хлопец-валанцёр. Было ўжо гадзін дзевяць вечара.

«Але калі зусім, то паеду»…
«Беласток? А я на Люблін магу ўзяць. Можам разам стаяць тут», — сказаў мне па-польску спадар гадоў сарака. Пагадзіўся. Пазнаёміліся. Спадар аказаўся ўкраінцам Аляксандрам. Перайшлі на свае мовы. Саша расказаў, што жыве ў Польшчы ўжо адзінаццаць год. Жыве ў невялікім мястэчку пад Люблінам. Калі пачалася вайна, знайшоў у арэнду дом, знаёмыя дапамаглі з мэбляю, цяпер мае месца, дзе прытуліць уцекачоў. На працы ўзяў тыдзень адпачынку, сеў у машыну і паехаў у памежныя лагеры. Адзін рэйс у той дзень ужо зрабіў.
Пра палітыку амаль не гаварылі.
Саша — пратэстант. Зброю ў рукі браць не можа паводле рэлігійных перакананняў — стараецца дапамагаць сваім суайчыннікам іншымі спосабамі.
«Але калі зусім, то паеду»…
Пасажыры да Беластока ў апошнім на той дзень цягніку так і не знайшліся. Паехаў дамоў. Усю дарогу шукаў адказ на пытанне: навошта вайна?.. Не знайшоў хоць-кольвек уцямнага тлумачэння.
Як дапамагчы
Ад пачатку вайны я цалкам сышоў у працу і неяк, можа, падсвядома паставіў блок на рэфлексію. Бо разумеў, што калі пачну асэнсоўваць і прапускаць праз сябе тое, што бачу, — наўрад ці застануся дзеяздольным. Каб сабрацца з думкамі і напісаць гэты тэкст, мне спатрэбіўся тыдзень. Спачатку наогул не планаваў: нічога ж выбітнага не зрабіў, пра што казаць? Але калі зараз у вас з’явілася жаданне дапамагчы — значыць, пісаў недарма.

У Беластоку гуманітарную дапамогу для ўцекачоў кругласуткава прымаюць на Святога Роха, 3. На гэтым сайце — усё пра дапамогу ў Беластоку. Вось тут ініцыятыва Partyzanka сабрала ўсю інфармацыю пра дапамогу тым, хто выязджае з Украіны або толькі прыехаў у Польшчу, там ёсць спасылкі ў тым ліку на чаты дапамогі ўцекачам.
Польшча, на маю думку, паказвае неверагодную салідарнасць з Украінай. Беларусы ў Польшчы — у тым ліку.
Але лепш бы не было нагоды да праяўлення такой салідарнасці.
Бо няма нічога горшага, чым вайна.
Чытайце таксама
Война в Украине идет больше недели. Полмиллиона беженцев уже выехали из страны в Польшу. Но есть и те, кто, наоборот,...
Чытаць далейDetailsУ Варшаве пакажуць спектакль «Апошнi сведак» — гісторыю журналіста, прататыпам якога стаў галоўны рэдактар MOST Руслан Кулевіч. Пастаноўка адбудзецца 7...
Чытаць далейDetailsПод Познанью транспортные инспекторы остановили для проверки фуру, которой управлял беларус. Оказалось, он ездит «за двоих», то есть ведет учет...
Чытаць далейDetails









